Вы тут

Пазняк: Ціханоўскі — арганізатар і рэальны аўтарытэт пратэстнага руху

Сяргей Ціханоўскі / Reuters

"З'явіўся арганізатар і рэальны аўтарытэт пратэстнага руху Сяргей Ціханоўскі",піша ў лісце да сябраў Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ яе старшыня, палітэмігрант Зянон Пазняк. Ва ўмовах пандэміі каранавіруса ён не можа сабраць Сойм партыі, а з мэтаў бяспекі не хоча яго праводзіць анлайн. Аднак Пазняк скантактаваўся з "выканаўчым кіраўніцтвам" і пасля кансультацый агучыў задачы сваёй палітычнай структуры.

Зянон Пазняк канстатуе, што "змяніліся абставіны" і ўжо ёсць "шырокі пратэстны рух", удзельнікі якога крытычна ставяцца да цяперашняй улады і выступаюць за байкот выбараў "шляхам падтрымкі збору подпісаў за пратэстнага прэтэндэнта ў кандыдаты Святлану Ціханоўскую". Ён піша, што Сяргей Ціханоўскі — "беларус, які не гледзячы на праблемы з арыентацыяй у нацыянальных каштоўнасцях, мае перспектывы ў развіцці асобы і ў асягненні беларускіх грамадскіх задач". Палітык называе арышт Ціханоўскага і яго паплечнікаў незаконным і заклікае партыйцаў далучыцца да патрабавання іх вызвалення.

"Наша Народная партыя павінна быць там, дзе народ, — піша Зянон Пазняк. — Гэта значыць далучыцца і падтрымаць народны пратэст". Ён адзначае, што "ў беларускай палітыцы выбар падтрымкі народнага пратэсту зрабіў таксама Павел Севярынец".

"Пачынаецца адказны перыяд і напружаныя дні ў жыцці краіны, — так заканчвае свой ліст лідар КХП — БНФ. — Паслужым нашай дарагой бацькаўшчыне Беларусі".

Да затрымання Сяргея Ціханоўскага Пазняк заяўляў, што ён — змагар, але пакуль яшчэ не лідар масаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.