Вы тут

Павышэнне падаткаў для айцішнікаў ПВТ — "пытанне сацыяльнай адказнасці"

Сяргей Налівайка / БЕЛТА

Павышэнне падаходнага падатку для айцішнікаў, якія працуюць у кампаніях Парка высокіх тэхналогій, — гэта "пытанне сацыяльнай адказнасці". Пра гэта міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка паведаміў у інтэрв'ю праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" увечары 17 студзеня.

Як вядома, з Новага года для айцішнікаў з ПВТ падаходны падатак быў павялічаны з 9% да 13%. Налівайка падкрэслівае, што адмена гэтай кропкавай ільготы не прынясе вялікіх грошай у бюджэт.

"Па вялікім рахунку, мы проста прывялі ў адпаведнасць тыя стаўкі падатку, якія ёсць у работніка сельскай гаспадаркі, работніка прамысловасці, бюджэтнай сферы — і вось гэтай катэгорыі работнікаў. З пункту гледжання дадатковых паступленняў гэта абсалютна не тыя лічбы, якія ўплываюць на бюджэт, на агульнае яго напаўненне — на мой погляд, гэта значна больш важныя пытанні сацыяльнай справядлівасці і сацыяльнай адказнасці", — паведаміў міністр.

Падаткі, па яго словах, складаюць каля 70% напаўнення бюджэту.

Дарэчы, раней у міністэрстве гэтае павышэнне падаткаў для айцішнікаў тлумачылі неабходнасцю барацьбы з COVID-19. Тое самае тлумачыў і міністр фінансаў Юрый Селіверстаў: "Ільготы былі абяцаныя, але каранавірус нам жа таксама ніхто не абяцаў".

Самі айцішнікі ўпэўненыя, што адмена льготаў мае палітычны характар — так улады помсцяць ім за актыўны ўдзел у масавых мірных акцыях пратэсту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.