Павышаць заробкі настаўнікам Тозік прапануе шляхам скарачэнняў

Урад краіны шукае шляхі для падвышэння заробкаў супрацоўнікаў бюджэтных арганізацый. Найперш гэта тычыцца дактароў і настаўнікаў. Калі казаць пра настаўнікаў сярэдніх школ, то ім заробкі плануюць падвысіць да ўзроўню сярэдняга заробку па краіне, а дактарам і выкладчыкам ВНУ — да ўзроўню 1,5 сярэдняга заробку па краіне. Пра гэтыя планы ўраду заявіў віцэ-міністр Анатоль Тозік падчас выступу на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.



Назваў віцэ-міністр і сродак, з дапамагай якога ўрад мяркуе знайсці грошы на падвышэнне заробкаў настаўнікам.



Тозік: “У 90-х гадах мінулага стагоддзя ў нас было 1,5 мільёна вучняў і 123 тысячы настаўнікаў, а цяпер мы маем 931 тысячу вучняў і 122 тысячы настаўнікаў. Па маіх падліках, сёння нам неабходна толькі 80 тысяч настаўнікаў. Калі мы прыйдзем да гэтай лічбы, то вось вам і вырашэнне праблемы з падвышэннем заробкаў гэтай катэгорыі бюджэтнікаў”.



Што рабіць з тымі 40 тысячамі настаўнікаў, якія, паводле падлікаў віцэ-міністра, мусяць сысці з сістэмы адукацыі, Анатоль Тозік не ўдакладніў. Адно адзначыў, што сёння ў нашай краіне беспрацоўе на ўзроўні 0,1%. А гэта, упэўнены віцэ-міністр, “ілжэбеспрацоўе” — вакансій значна больш.



Тым не менш, ужо з верасня настаўнікам абяцаюць крыху падвысіць заробкі, прызнаецца Тозік. Па яго словах, для гэтага з бюджэту дадаткова будзе выдзелена 600 мільярдаў рублёў. Праўда, прызнае віцэ-міністр, гэтага недастаткова, каб заробкі настаўнікаў і выкладчыкаў адпавядалі планам ураду. Таму — надзея на скарачэнне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі