Вы тут

110 балаў — і ты студэнт-бюджэтнік і будучы настаўнік

Фота: pixabay.com

Замест электроннага залічэння і падачы дакументаў з дому — зноў чэргі ў прыёмных камісіях і паперкі ад рукі.

ВНУ скончылі прымаць дакументы на бюджэт, прыёмныя камісіі падбіваюць вынікі. Паглядзім, хто адхапіў сабе самых разумных абітурыентаў, а хто, наадварот, застаўся ў мінусе.

Найлепшыя пайшлі на міжнароднікаў і айцішнікаў

У гэтым годзе абітурыенты-айцішнікі дагналі па балах гуманітарыяў з факультэта міжнародных адносінаў. На спецыяльнасць “інфарматыка і тэхналогіі праграмавання” Універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі бяруць, калі маеш 380 балаў з 400 магчымых. На другім месцы па папулярнасці сярод будучых айцішнікаў спецыяльнасць “праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, прахадны бал — 371. І на трэцім месцы — спецыяльнасць “інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў гульнявой індустрыі”, прахадны бал — 370. Усе гэтыя спецыяльнасці за год дадалі 7 балаў да прахаднога.

Найбольшыя балы ў БДУ традыцыйна на факультэце міжнародных адносінаў. Прахадны бал будзе не меншы за 380. У сярэднім прахадны ў БДУ вырас на 20-30 балаў. Але найбольш  балы выраслі на фізічным факультэце:  летась быў 167, а стаў 244.

Агулам, па назіраннях Еўрарадыё, прахадны бал вырас амаль па ўсіх ВНУ, у асноўным на спецыяльнасцях тэхнічнага профілю, у якіх ён быў на мяжы сярэдняга: крыху больш за 200.

Атамшчыкі, настаўнікі і міліцыя — зноў без выдатнікаў

Самы нізкі бал ва Універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі сёлета ў будучых… атамшчыкаў. Прахадны бал на бюджэт на гэтую спецыяльнасць — 261. Але летась было яшчэ менш — 244 з 400 магчымых.  Таксама атамшчыкаў бяруць у БНТУ, тут прахадны — 243, а летась быў 229. Але гэта яшчэ нічога.

Будучыя настаўнікі фізікі і матэматыкі зноў здзіўляюць сваімі сертыфікатамі. Большасць абітурыентаў, якія паступаюць у БДПУ імя Танка, маюць крыху больш за 200 балаў з трох тэстаў і атэстата. Ёсць нават тыя, у каго няма і 110 балаў з 400 магчымых.

Невысокія прахадныя балы і ў Акадэміі МУС. Большасць абітурыентаў спецыяльнасці “аператыўна-вышуковая дзейнасць” маюць 190 балаў і менш.

У прыёмных камісіях чэргі, замест электроннага залічэння — паперкі

Беларускія абітурыенты XXI стагоддзя сёлета зноў стаялі ў чэргах, каб падаць дакументы ва ўніверсітэт. Электроннае залічэнне працуе толькі ва Універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Зрабіць яго паўсюль абяцалі з 2010 года, а пасля… перасталі абяцаць.

“Раней ільготы адмянілі для сельскіх абітурыентаў, адмянілі асобны конкурс, каб увесці сістэму электроннага залічэння. Але яе не ўвялі. Раней пра гэта хаця б гаварылі, а цяпер ужо перасталі, сорамна пра гэта гаварыць. Гэта для ўсіх краін ужо прамінулы этап. Калі абітурыент з дому падае дакументы на ўсе спецыяльнасці і з дому ж назірае. А ў нас абітурыент можа падаць дакументы ў адну ВНУ і на адну спецыяльнасць. Пры гэтым трэба запоўніць процьму паперак, у апошні дзень некуды бегчы, нешта падаваць”, — гаворыць рэпетытар Яўген Лівянт.

На яго думку беларускія тэсты прасцейшыя за экзамены, якія здаюць ва Украіне і Расіі. А сёлета наогул вынікі тэстаў па фізіцы лепшыя, чым па матэматыцы.