Вы тут

Сёлета транспарт у Беларусі перавез на 60,6 млн пасажыраў менш, чым летась

Нацыянальны аэрапорт Мінск / bestbelarus.by

З пачатку 2020 года транспарт у Беларусі перавез на 60 млн пасажыраў менш, чым летась. За першыя чатыры месяцы 2019 года рознымі відамі транспарту скарысталіся 661,6 млн чалавек, а сёлета за студзень-красавік — толькі 591,0 млн.

Найбольшыя страты пасажырапатока — у красавіку 2020 года. За гэты месяц беларускі транспарт перавёз на 52,2 млн пасажыраў менш, чым у красавіку 2019-га. Можна звязаць гэта з няпростай эпідэміялагічнай сітуацыяй праз пандэмію COVID-19.

Больш за ўсё — на 92,1% у параўнанні з 2019 годам — у красавіку скараціўся аб'ём пасажырскіх перавозак паветраным транспартам. У Нацыянальным аэрапорце "Мінск" пачынаючы з сакавіка 2020 года пастаўленыя на паўзу рэйсы замежных авіякампаній. Адменая большасці рэйсаў "Белавія". За красавік сталічны аэрапорт абслужыў 22196 пасажыраў, што на 93,7% (-329 388 пасажыраў) менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года

На 45,2% у красавіку ўпаў аб'ём пасажырскіх перавозак чыгуначным транспартам. Таксама менш людзей (на 39,1%) сталі карыстацца гарадскім электратранспартам і метро.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.