Партыя БНФ: Затрыманне патрыётаў інспірыравалі прарасійскія сілы

Партыя БНФ: Затрыманне патрыётаў інспірыравалі прарасійскія сілы

Управа Сойму Партыі БНФ выступіла з заявай з нагоды затрыманняў беларускіх патрыётаў, якія КДБ правёў у розных гарадах Беларусі. У ёй гаворыцца, што партыя "выказвае рашучы пратэст". Звяртаецца ўвага, што за краты трапілі грамадзяне, звязаныя з дзейнасцю вайскова-спартовага клубу “Патрыёт”, зарэгістраванага пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Ленінскага раёна г. Бабруйска, а таксама незарэгістраванай патрыятычнай суполкі “Белы легіён”, "якая спыніла сваю актыўную дзейнасць больш за 10 гадоў таму".

Партыя БНФ расцэньвае згаданыя затрыманні "як інспіраваную прарасійскімі сіламі ў кіраўніцтве краіны акцыю па нейтралізацыі сапраўдных патрыётаў Беларусі, найбольш адданых абаронцаў незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці нашай Дзяржавы". Звяртаецца ўвага, што "падкрэсленая антыбеларускасць гэтай акцыі асабліва яскрава выглядае на фоне лаяльнага стаўлення цяперашніх уладаў да дзейнасці прарасійскіх парамілітарных груповак, кшталту “Беларускага казацтва”, “Казачага спасу” і д. п., якія па ўсёй Беларусі бесперашкодна праводзяць вайсковую і ідэалагічную падрыхтоўку “салдатаў “рускага свету”, у тым ліку з непаўнагадовых грамадзянаў нашай краіны".

Партыя БНФ патрабуе "неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых 21-22 сакавіка беларускіх патрыётаў і правядзення тэрміновага публічнага расследвання ў дачыненні да асобаў, якія спрычыніліся да гэтай ганебнай антыбеларускай акцыі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі