Памылку на майках для заўзятараў футбольнай зборнай Беларусі выправяць
Памылку на майках для заўзятараў футбольнай зборнай Беларусі выправяць. Як паведамляла Еўрарадыё, на здымках, якія трапілі ў інтэрнэт, пад брэндам нашай каманды ("Белыя крылы") было напісана "нацыянальная сборная Беларусі", а мусіць быць "нацыянальная зборная Беларусі". Аднак, як распавёў сайту by.tribuna.com намеснік дырэктара дэпартамента маркетынгу і камунікацый Беларускай федэрацыі футбола Дзмітрый Герчыкаў, памылка з літарай "с" трапіла ў праектны варыянт, на эскізы.
"Перад тым, як адпраўляць іх у друкарню, усё яшчэ раз будзе правярацца. АБФФ зробіць усё магчымае, каб ні адна прадукцыя не выйшла з памылкай", — сказаў Герчыкаў.
Такім чынам, 13 000 маек, якія раздадуць заўзятарам 6 верасня на "Барысаў-Арэне" перад адборачным матчам чэмпіянату свету з са зборнай Францыі, будуць без памылкі.