17 сакавіка суддзя Заводскага раёна Мінска Жанна Хвайніцкая прысудзіла палітзняволенай Марыне Неўдах тры гады "хатняй хіміі". Таксама яна павінна выплаціць штраф, дакладны памер якога праваабаронцам пакуль невядомы.
Дзяўчыну прызналі вінаватай у злачынстве паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
Марыне Неўдах 37 гадоў, яна кандыдат тэхнічнных навук. Паводле адной з адукацый — журналістка. З 2015 года працавала ў EPAM тэставальніцай праграмнага забеспячэння. Разам з мужам выхоўвала дваіх дзяцей, якім на момант яе затрымання было 9 і 11 гадоў.
У 2020 годзе мінчанку двойчы затрымлівалі і судзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў 23.34 (Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў) і 23.4 (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў). Абодва разы ёй прысуджалі штрафы.
Па крымінальнай справе яе затрымалі 16 снежня 2021 года дома, на вачах у дзяцей. Пасля затрымання Неўдах сядзела на Акрэсціна, дзе для яе стварылі невыносныя ўмовы знаходжання. Вельмі хутка ў жанчыны пахіснулася здароўе, і яна захварэла.
Потым яе перавялі ў СІЗА №1 на Валадарскага, дзе і пратрымалі да суда.
Праваабаронцы прызналі Марыну Неўдах палітзняволенай.