Палітвязень Дзмітрый Фурманаў у судзе аб'явіў галадоўку

Палітвязень Дзмітрый Фурманаў у судзе аб'явіў пра галадоўку, паведамляе тэлеграм-канал @strana_official. Такім чынам ён пратэстуе супраць жудасных умоў утрымання ў гродзенскай турме.

9 сакавіка Фурманава змясцілі ў карцар на пяць дзён, і ён не ведаў, што стала прычынай дысцыплінарнага спагнання. Ужо месяц яго па-за межамі камеры пераводзяць выключна ў кайданках.

Дзмітрый Фурманаў быў затрыманы 29 траўня 2020-га ў Гродне на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты. Ён быў рэгіянальным каардынатарам Ціханоўскай. Яго абвінавацілі ў "арганізацыі групавых акцый, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Фурманаў прызнаны палітвязнем.

У студзені ў Кастрычніцкім судзе горада Гродна пачалі разглядаць крымінальную справу, па якой праходзяць Дзмітрый Фурманаў, Уладзімір Кніга і Яўген Разнічэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.