“Пакіньце Украіну ў спакоі, іуды!” Беларусы — пра хэйт ад украінцаў

На выходных з тэрыторыі Беларусі зноў паляцелі ракеты ў бок Украіны. Украінцы накінуліся на беларусаў у сацсетках яшчэ з большай злосцю і агрэсіяй, чым гэта было ў пачатку вайны. Пасыпаліся каментары кшталту “Колькі ракет было выпушчана з Беларусі?! Вам мала?! Пакіньце Украіну ў спакоі, іуды!”, “Зноў вы, муфлоны, занепакоеныя! Пакуль вы занепакоеныя, Пуцін бярэ і робіць!”

Увечары ў нядзелю Уладзімір Зяленскі выступіў са зваротам да беларусаў. Ён многім падаўся даволі дзіўным у святле таго, што Украіна з пачатку вайны прэсуе і накладае санкцыі, якія ў першую чаргу адбіваюцца на тых беларусах, якія на яе баку. А тыя, хто на процілеглым, усё роўна не слухаюць Зяленскага, і пасыл да іх не дойдзе.

Еўрарадыё паглядзела, як беларусы адрэагавалі на жорсткія наезды з боку ўкраінцаў.
 

Заснавальнік і кіраўнік фонду салiдарнасцi Аляксей Лявончык: “Патрабаванне спыняць ракеты з Херсона Кіеў тамтэйшым жыхарам не выстаўляе”

— Украіну трэба падтрымаць, бо яе перамога дае шанец і нам, а параза зацэментуе статус-кво на дзесяцігоддзі. Але трэба памятаць, што гэта робіцца не ва ўкраінскім, а ў беларускім нацыянальным інтарэсе. І ўсё, што мы робім, мае рабіцца для Беларусі. І калі ад нас патрабуюць спыніць бамбардзіроўшчыкі з Мачулішчаў, нагадваць упшэйме, што чамусьці патрабаванне спыняць ракеты з Херсона Кіеў тамтэйшым жыхарам не выстаўляе.

Аляксей Лявончык / euroradio

І таксама трэба памятаць, што, калі з таго боку ў наш ляціць нянавісць у выглядзе лозунгаў, не трэба маўчаць і абцірацца. Беларусы робяць больш чым дастаткова, каб такое стаўленне не мела права мець месца.

У наратыве “з вашай краіны ідзе агрэсія” ёсць нюанс. Разлікі пускавых установак, якія абстрэльваюць жылыя кварталы ранішняга Кіева, — не беларусы. Пілоты бамбавікоў, якія бамбяць Чарнігаў, — не беларусы. Акрамя купкі адмарозкаў, ні адзін беларус не прымаў удзелу ў агрэсіі супраць Украіны ў складзе расійскай "арміі". Нягледзячы на множаныя ўкраінскім інтэрнэтам чуткі, гэтаму няма ніводнага доказу.

Проста нашы аэрадромы былі ласкава дадзены Крамлю для агрэсіі чалавекам, на якога і Захад, і Украіна занадта доўга заплюшчвалі вочы. 

Вы можаце называць картопельпюрара Аляксандрам Грыгорычам і казаць, што будзеце гандляваць з ім. Вы можаце рабіць realpolitik all you want. Вы можаце назваць такія пускі правакацыямі Масквы. Вы можаце не сустракацца з Ціханоўскай. Аднак калі прыйдзе час і Пуцін скажа “трэба” — Лукашэнка дазволіць пускаць ракеты і забіваць мірных украінцаў. Бо ў яго няма больш свабоды зрабіць выгляд, што ён нейтральны. Рэвалюцыя 2020 года знішчыла сацыяльны дагавор паміж ім і беларусамі. Без падтрымкі Масквы народ яго змяце на раз-два.

Ракеты перастануць ляцець толькі тады, калі Лукашэнкі не стане. Не сустракацца з Ціханоўскай змясціць яго не дапаможа.

Што дапаможа? Выразны меседж з боку афіцыйнага Кіева, што яны падзяляюць Лукашэнку і грамадзянскую супольнасць. Прызнанне таго, што картопельпюрар пасля падзей 2020 года фактычна страціў суб'ектнасць і цяпер паводзіць сябе як марыянетка Пуціна. Так, армія па зямлі не пойдзе, але ракеты будуць ляцець, калі Пуцін захоча. Стоп чмарэнню беларускіх палітуцекачоў ва Украіне і стварэнне магчымасцяў для іх легалізацыі. Стоп патугам на realpolitik з Лукашэнкам. Усё роўна кіне.
 

Лідар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Андрэй Ткачоў: “Вы робіце сабе толькі горш, метадычна адбіваючы жаданне дапамагаць”

— У пачатку вайны хваля праведнага гневу ў дачыненні да Беларусі — краіны-суагрэсара была цалкам зразумелая. Чаму яна тычылася беларусаў, якія знаходзяцца ва Украіне, і тым больш уцекачоў ад пераследу на Радзіме, не зусім зразумела, відавочна несправядліва, але вытлумачальна эмоцыямі.

Андрэй Ткачоў / Еўрарадыё

Мне здавалася, што пасля чатырох месяцаў вайны, антываенных пратэстаў у Мінску з тысячамі арыштаваных, рэйкавых партызан з прастрэленымі каленямі, тысяч людзей, затрыманых за антываенныя выказванні ў інтэрнэце і фатаграфаванне расійскай вайсковай тэхнікі, добраахвотніцкіх батальёнаў, якія ваююць на баку Украіны, дзясяткаў тон гуманітарных грузаў, амуніцыі і абсталявання, тысяч і тысяч беларускіх валанцёраў і структур дапамогі можна было б ужо зразумець, хто вораг, а хто сябар.

Але да гэтага часу беларусы ва Украіне сутыкаюцца з дыскрымінацыяй па нацыянальнай прыкмеце, у большасці заблакаваныя банкаўскія рахункі, нумары тэлефонаў. Няма магчымасці падаўжэння легальнага статусу знаходжання. Кагосьці не пускаюць ва Украіну, кагосьці дэпартуюць і ставяць штамп з забаронай на ўезд. Ворагі і здраднікі ў вас сярод украінцаў ужо, напэўна, скончыліся, праўда? 

І я хачу вам сказаць, дарагія ўкраінцы, што ўсімі гэтымі дзеяннямі вы робіце сабе толькі горш, метадычна адбіваючы жаданне дапамагаць. Я ведаю некалькі вельмі добрых людзей, у якіх апусціліся рукі і яны перасталі дапамагаць, бачачы такое стаўленне.

Я хачу нагадаць вам, што пасля пратэстаў-2020 у Беларусі па палітычных прычынах сядзіць каля 5 тысяч чалавек, дзясяткі забітых, дзясяткі тысяч тых, хто прайшоў праз турмы і катаванні. Сотні тысяч вымушаныя былі з'ехаць.

Больш за 80% беларусаў супраць вайны, але мала што могуць змяніць проста цяпер, таму што краіна фактычна знаходзіцца пад акупацыяй. Нам вельмі баліць усё тое, што адбываецца ва Украіне, але адкрыты пратэст у такіх умовах раўназначны самагубству або турме.

Паміж намі старанна спрабуюць убіць клін і пасварыць, але нам вельмі важна не паддавацца і разам змагацца, таму што вораг у нас агульны.
 

Пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец: “У мяне няма слоў для гэтага часу”

— Учора сустрэла адразу некалькі пастоў са здзіўленнем: людзі, чаму вы маўчыце, чаму не рэагуеце на навіну? Апошнім часам мне асабіста няма чым рэагаваць — у сэнсе слоў. Што ні скажаш, атрымліваецца альбо тупасць, альбо слабасць, альбо пафас. 

Ганна Севярынец / Еўрарадыё

Калісьці Дзмітрый Строцаў сказаў вельмі трапную рэч: "Мне пашэнціла, у мяне былі словы для гэтага часу". Я неяк тады павярхоўна ўспрыняла гэтую думку. Цяпер я яе вельмі добра разумею. 

У мяне няма слоў для гэтага часу. Гэта вельмі пакутна. І я хачу сказаць, што вакол сябе не бачу тых, у каго яны ёсць. Шмат слоўнага шалупіння ў паветры. Ідзе выпрацоўка новай мовы, напэўна. 

Нешта будзе з гэтага ўсяго, вось пабачыце. І думаю, менавіта тут. Упершыню беларусы праходзяць такія насамрэч знаёмыя нашай зямлі пакуты ў поўнай нацыянальнай прытомнасці. Капец як цяжка, але я хачу сказаць, што з усіх супольнасцяў, якія трапілі ў гэты замес, беларусы выглядаюць... як бы гэта сказаць. Пранізліва гуманістычна, ці што. Трываюць гвалт, ціск і папрокі, робяць свае маленькія справы напалову адрэзанымі рукамі, прыкрываюць змізарнелымі крыламі малых дзетак у худых гняздзечках і толькі ўціскаюць галаву ад навакольнай куламесы, адкуль усе, успацелыя крывавым потам ад вайны, крычаць ім: “Тупыя! Дурныя! Няздольныя! Ідзіце і рабіце! Гаварыце! Крычыце! Не крычыце!”

А ты сядзіш такі пасярод сваёй пожні, рот немы раскрываеш, хаўкаеш распаленым паветрам і думаеш толькі: “Дзетачкі вы мае, ругайцеся, колькі хочаце, толькі каб вам палёгка выйшла, а я ўжо як-небудзь дацярплю”.
 

Мадэль плюс-сайз Яўгенія Цюленева: “Яго галоўная думка “не дайце пасеяць паміж намі варожасць” — яе ж і дапамагае распаліць”

— Паглядзела зварот Зяленскага да беларусаў. Вельмі правальны. Проста па фразах можна разбіраць, як ён не мае рацыю. 

У сілавікоў выкліча смех, у звычайных грамадзян — здзіўленне. На каго разлічана? Відаць, на ўкраінцаў. Але тады яго галоўная думка “не дайце распаліць паміж намі варожасць” — яе ж і дапамагае распаліць.

Яўгенія Цюленева / фота з акаўнта Цюленевай у фэйсбуку

Я разумею, што тэма Беларусі цяпер занадта далёкая ад Зяленскага і ніхто моцна ёй у офісе прэзідэнта не займаўся. Але, можа, ужо трэба.
 

Медыяэксперт, палітычны аглядальнік Серж Харытонаў: “Дыскрымінацыя і мова варожасці ў адрас беларусаў праз дзеянні мінскай хунты недапушчальныя”

 — Калі беларусы не навучацца паважаць самі сябе, выціраць ногі аб нас будуць усе, каму толькі хочацца: лукашысты, расіяне, украінцы і не толькі яны. 

Дыскрымінацыя і мова варожасці ў адрас беларусаў праз дзеянні мінскай хунты недапушчальныя. Мы не выбіралі ўдзел у вайне. Мы не выбіралі людзей, якія падыгрываюць Расіі ў гэтай вайне. Мы не гуляліся з Лукашэнкам, прыкрываючы ўласныя бізнес-інтарэсы “прагматычнай” дэмагогіяй аб тым, што не хочам злаваць пуцінскую марыянетку.

Серж Харытонаў / фота з сацсетак

Не саромейцеся адкрыта сказаць пра гэта крывадушнікам з любой краіны свету, якія цяпер абвінавачваюць беларусаў у слабасці, пасіўнасці або адказнасці за дзеянні расійскага войска на тэрыторыі Беларусі. 

За апошнія 50 гадоў ні адзін народ Еўропы не сутыкаўся з выклікамі, якія выпалі на долю беларусаў. І ніхто не ведае, як бы ў такіх жа абставінах павялі сябе жыхары іншых краін. Прыклад акупаванага РФ Херсона паказвае, што ўкраінцы ў падобных з Беларуссю абставінах паводзяць сябе роўна гэтак жа, як і беларусы.

Беларусы — цудоўна моцны народ, які заслужыў павагі і які за чвэрць стагоддзя рэпрэсій не адмовіўся ад свайго жадання быць свабодным. Нават пасля таго, як яму неаднаразова здрадзілі і ён застаўся сам-насам з найбольш кансалідаваным таталітарным рэжымам Еўропы і адным з лідараў сусветнага антырэйтынга дыктатур.

Беларусы, паважайце самі сябе. І тады вас будуць паважаць усе астатнія.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.