Вы тут

Падазраваных у выбуху на пустыры ў Мінску знайшлі па аркушах з канспектаў

На месцы здарэння / @skgovby

Следчы камітэт Беларусі паведаміў пра затрыманне падазраваных у выбуху на пустыры ў Заводскім раёне Мінска, які адбыўся ўвечары 9 чэрвеня 2021 года. Тады пацярпелі два чалавекі — 19-гадовы хлопец і 17-гадовая дзяўчына. Малады чалавек перанёс некалькі аперацый і працягвае лячэнне амбулаторна.

На месцы здарэння следчыя знайшлі аркушы з канспектаў, у якія было загорнутае выбуховае прыстасаванне (яго асноўным зарадам было брызантнае рэчыва на аснове трацілу). Пасля іх вывучэння ўдалося вызначыць і навучальную ўстанову, і курс, і нават вучэбную групу. Падазраваных трое, яны ва ўзросце ад 18 да 20 гадоў. Усе яны студэнты розных ВНУ нашай краіны.

Высветлілася, што затрыманыя датычныя да вырабу выбуховых прылад рознай магутнасці і ажыццяўленні выбухаў у Мінску і Мінскім раёне (відэа знайшлі ў мабільных тэлефонах). З якой мэтай гэта рабілася, не ўдакладняецца.

Падазраваныя знаходзяцца пад вартай, расследаванне крымінальнай справы ідзе па артыкуле "незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.