Падаляк: Лукашэнка хоча ўдзельнічаць у перамовах, каб дыстанцыявацца ад Расіі

Украіна рыхтавалася да расійскай агрэсіі апошні год, але не чакала, што Беларусь прадаставіць Расіі сваю інфраструктуру. Пра гэта заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк у інтэрв'ю беларускаму парталу, прызнанаму экстрэмісцкім.

"Мы думалі, што кіраўніцтва Беларусі, нягледзячы на прыродную антыдэмакратычнасць, значна разумнейшае і паспрабуе мінімізаваць свой удзел у прамых ваенных дзеяннях. Цяпер юрыдычна Беларусь на доўгі час будзе лічыцца краінай, якая дала інфраструктуру для расійскага ўварвання", — кажа ўкраінскі палітык.

Падаляк расказвае, чаму перамовы паміж Масквой і Кіевам, у якіх ён уздельнічаў, прайшлі ў Беларусі. "Была максімальна жорсткая пазіцыя Расіі — яны не хацелі пачынаць перамовы нідзе, акрамя Беларусі, таму што лічылі, што гэта будзе пераемнасцю Мінскіх пагадненняў. Яшчэ вельмі важна разумець, што на пачатку ўварвання Расея адчувала сябе вельмі няўпэўнена, яна не атрымлівала тых ваенных вынікаў, на якія разлічвала, а свет быў шакаваны і вельмі негатыўна ўспрыняў "спецыяльную ваенную аперацыю". Калі Расія ўбачыла рэальную карціну ва Украіне, што іх пагарджаюць і ненавідзяць, а супраціў рэзка нарастае, яны былі спалоханыя, таму паспрабавалі весці перамовы ў Беларусі, якую Масква татальна кантралюе", — тлумачыць ён.

Як вядома, Аляксандр Лукашэнка неаднаразова паўтараў, што Беларусь павінная ўдзельнічаць у мірных перамовах паміж Украінай і Расіяй. На думку Падаляка, такім чынам кіраўнік Беларусі хоча дыстанцыявацца ад Расіі ды абазначыць сваю асобную юрыдычную пазіцыю. "Калі вайна скончыцца правільна, паразай Расіі, то ў Беларусі, у рамках міжнароднага права, наступае вялікая адказнасць, у тым ліку асабіста ў спадара Лукашэнкі. Ён вельмі хітры і доўга знаходзіцца ва ўладзе. Лукашэнка інтуітыўна адчувае, дзе і як трэба павярнуцца для таго, каб пазбегнуць максімальнай адказнасці", — мяркуе прадстаўнік Украіны.

На яго думку, афіцыйны Мінск не можа быць пасярэднікам у перамовах. Ён ацэньвае беларускі рэжым як "краіну-сатэліт, якая спрыяла ўварванню ў суверэнную дзяржаву. І тэрытарыяльна, і інфраструктурна, і разведданымі".

Пры гэтым Падаляк нагадвае, што ваенныя злачынствы не маюць тэрміны даўнасці: "Адна справа, калі ты танцуеш, збіваючы апазіцыю, закрываеш СМІ і пазбаўляеш людзей канкурэнтнай палітычнай сістэмы, а іншая — калі юрыдычна будуць даказаныя факты саўдзелу ў тых ці іншых ваенных злачынствах. Усё, што адбывалася ў Кіеўскай вобласці, рабілі расійскія вайсковыя часці, якія заходзілі з тэрыторыі Беларусі. Я хачу, каб афіцыйныя асобы Беларусі пачалі пра гэта думаць".

На сёння ўкраінскае кіраўніцтва рыхтуецца да розных далейшых сцэнароў — у тым ліку самых песімістычных. Да перспектывы беларускай агрэсіі Падаляк ставіцца скептычна і спадзяецца на беларускае грамадства, якое гэтага не дапусціць: "Калі Беларусь захоча ўбачыць, што такое масавая гібель вайскоўцаў, то, напэўна, ім трэба заходзіць ва Украіну. Але я не зусім разумею, чаму гэтае пытанне падымаецца. Мне здаецца, што беларускае грамадства нашмат вальнейшае, у тым ліку ідэалагічна, чым расійскае".

На думку Падаляка, беларускае грамадства ў 2020-м паказала, што гатовае плаціць высокую цану за сваю свабоду. "Я думаю, калі неадэкватнасць у палітычнага кіраўніцтва Беларусі пераможа, то гэта будзе вельмі кароткі перыяд, калі грамадства ад шоку пяройдзе да актыўных дзеянняў. Магчыма, для Беларусі гэта было б нядрэнна", — лічыць ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.