"Пад прэсам": Дзяржаўная прэса ўпершыню заступілася… за кіёскі

На мінулым тыдні камерцыйныя кіёскі паволі сталі знікаць з прыпыначных пунктаў, і СМІ адразу ж выступілі ў іх абарону. За апошні час, мабыць, ніводнае дзяржаўнае выданне яшчэ так востра не крытыкавала рашэнне чыноўнікаў. Чаго каштуе толькі назва матэрыяла ў газеце “7 дней” – “Гэты бізнэс усім да “лямпачкі”?”.

“Але ў нас сёння малы бізнэс, я б сказала, сутыкаецца з вялікімі праблемамі. Нібыта як абуза, якой трэба пазбавіцца… Аднак ва ўсім свеце ёсць кіёскі на вуліцах. І цукеркамі там гандлююць, і печывам. І нічога ў іх не супярэчыць. А нам прапаноўваюць супермаркеты. Эх…”, - піша журналіст Тэрасаліна Луганская.

Журналістаў не так абурае колькасць беспрацоўных жанчын, якія апынуцца ў хуткім часе на вуліцы, як нелагічнасць чыноўнікаў: спачатку ўладальнікаў кіёскаў абязалі прывесці іх у належны стан, а зараз збіраюцца зносіць.

“Некалькі гадоў таму знешні выгляд кіёскаў на прыпыначных пунктаў быў зведзены да нейкага адзінага стандарту: з навесамі, лаўкай для пасажыраў. Што яшчэ трэба? Зноў не падабаецца знешні выгляд кіёскаў? Ну, распрацуйце новы. Уладальнікі гэтай ідэі, вядома ж, не будуць “пляскаць у ладкі”, але, упэўнены, “добраахвотна-прымусова” зноў выкладуць уласныя сродкі, каб захаваць сваю справу”, - выказвае свой погляд карэспандэнт “Звязды” Сяргей Расолька.

Такое ж меркаванне мае і “7 дней”: “Маўляў, у кіёсках не заўсёды тавар захоўваецца ў належным стане, адсутнічаюць сертыфікаты, недастаткова месца для працы прадаўца і г.д. Але, спадары, хто перашкаджае выкараняць недахопы? Аб гэтым і гаварылася, і пісалася шмат, але ўспомнім прымаўку з байкі Крылова” А Васька слухае ды есць”…

Каб хоць неяк паўплываць на рашэнне чыноўнікаў, СМІ прыводзяць у прыклад еўрапейскія краіны: кіёскі, менш прывабныя за нашы, цудоўна сябе адчуваюць каля гістарычных помнікаў, у цэнтры горада і на ўскраіне. “Труд ” спачатку даў магчымасць выказацца ўладальніцы сталічнага кіёска Галіне, а пасля піша: “Галіна сама бачыла кіёскі ў Празе, і сябры расказвалі пра такія пункты гандлю ў Варшаве і ў Парыжы… Але гэтыя еўрапейскія краіны, мяркуючы па ўсім, Мінску не ўказ.”

Нават “Советская Беларусь” засумнявалася ў тым, што калі з прыпыначных пунктаў знясуць усе кіёскі, Мінск адразу ж папрыгажэе.

“Магчыма, горад ад гэтага і папрыгажэў, але каб купіць бутэльку мінеральнай вады, мне прыйшлося ісці ў суседні магазін, стаяць у чарзе. Такая вось эстэтыка…”

Журналісты так зацята сталі абараняць уладальнікаў кіёскаў, што, мабыць, і самі не заўважылі, як накінуліся на шапікі “Белсаюздруку”. Калі зносяць кіёскі з тытунём, гарбатай і іншай дробяззю, чаму тады застаюцца шапікі з перыёдыкай? Няўжо яны нашмат прыгажэйшыя? Адно з самых цікавых інтэрв’ю на гэту тэму дала “Белгазеце” галоўны дзяржаўны санітарны лекар Першамайскага раёна Мінска Марына Панкратава.

“Да гандлёвага месца павінна быць падведзеная каналізацыя, водазабеспячэнне. У 90-х гг. практыкаваліся мыйнікі ў шапіках. На працоўным месцы нельга есці, павінна быць асобнае памяшканне для прыняцця ежы. У выпадку гандлю прадуктамі харчавання павінна быць паасобнае захоўванне і рэалізацыя тавару. Шапікі гэтага сабе таксама дазволіць не могуць.”

З заўвагай журналіста, што ўсяго гэтага няма і ў кіёсках з перыёдыкай, Марына Панкратава згадзілася, але пасля дадала: «Саюздрук» - дзяржарганізацыя, яна больш схільная прытрымлівацца працоўнага заканадаўства наконт працягласці працоўнага дня, зменнасці”.

Еўрарадыё таксама паразмаўляла з чыноўнікамі і высветліла, што састарэласць і неадпаведнасць эстэтычнаму ўзроўню – галоўная прычына, з-за якой пачалі зносіць кіёскі. Ужо некалькі год пры капітальным рамонце вуліц шапікі ў плане рэканструкцыі не значацца. Гаворыць намеснік кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Андрэй Ясючэня:

“Дзе ідзе капітальны рамонт вуліцаў, то там ужо па праекце ідуць замены кіёскаў на навесы без кіёскаў. І гэтыя працы вяліся і ў мінулым, і ў пазамінулым годзе”.

Матэрыял Віталіны Грахоўскай “У Мінску пачалі зносіць гандлёвыя шапікі” вызваў бурную рэакцыю ў чытачоў TUT.BY . Мы прыводзім толькі некаторыя выказванні:

- А у Літве ўсё кіёскі стаяць, і там можна не толькі купіць тое, што і ў нас, а і сэндвіч-гарбата-кава або яшчэ чаго перакусіць. Зручна! У палякаў таксама гэтага дабра хапае. І не перашкаджае нікому . Ой, я забыла, мы ж "наперадзе планеты ўсёй!"

- Калі нешта адбываецца - значыць гэта камусьці трэба. Але толькі не простаму чалавеку. Усе ў Гіпермаркеты па цыгарэты, шакаладкі і жуйкі ...- За кіламетр ад хаты ! Даеш праграму - усё для чалавека !!!

- Лукашэнка сказаў, што за цывілизаваным светам ён "свой"народ не павядзе.

-Састарэласць і неадпаведнасць эстэтычнаму ўзроўню... якія мы эстэты!

- Лозунг нашага ўрада "усё робіцца для народа" . Вось так сябры, зараз ліквідацыя кіёскаў,адмена палёгак,перавод у чупы і нават будаўніцтва аэс----гэта ўсё для нас..........ну як, адчуваецца клопат дзяржавы?

Мяркуецца, што замест кіёскаў будуць гандлёвыя павільёны, але пакуль гэта толькі праект.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі