Пад Бабруйскам патруль унутраных войскаў абстраляў на чыгунцы групу партызанаў

Пад Бабруйскам патруль унутраных войскаў абстраляў на чыгунцы групу партызанаў. Аднак апошнім удалося ўцячы з месца правядзення акцыі, паведамляюць чыгуначнікі.

Здарэнне адбылося ўначы 30 сакавіка каля прыпынку Бабіна на чыгунцы ў Бабруйскім раёне (участак Асіповічы — Жлобін). Там удзельнікі "рэйкавай вайны" ўскрылі дзве рэлейныя шафы. Адну з іх яны паспелі падпаліць. У гэты час група байцоў унутраных войскаў, якая знаходзілася ў лесапаласе і мусіла ахоўваць згаданае абсталяванне, адкрыла агонь з баявой зброі. Але партызаны не пацярпелі і сышлі ад пераследу.

Спецназ унутраных войскаў пачаў ахоўваць абсталяванне на чыгунцы ў Беларусі пасля пачатку "рэйкавай вайны" — партызаны ствараюць перашкоды для руху цягнікоў з расійскай ваеннай тэхнікай. Апошнія дыверсіі адбыліся пад Барысавам і Асіповічамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.