Офіс Ціханоўскай патлумачыў, што адбываецца з чэшскімі візамі для беларусаў

Офіс Ціханоўскай вядзе перамовы з чэшскімі палітыкамі, каб развязаць праблему з візамі для беларусаў. Пра гэта расказаў Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай.

На гэтым тыдні стала вядома, што Чэхія мае намер спыніць выдачу беларусам віз і відаў на жыхарства. 

Вячорка адзначыў, што ўрад Чэхіі пасля пачатку вайны ва Украіне спыніў выдачу віз беларусам і расіянам. Выключэннем стлі выпадкі гуманітарнага характару. Гэтая норма была замацаваная ў законапраекце "Lex Украіна". 

На пачатку траўня Святлана Ціханоўская наведала Прагу і заявіла, што Беларусь будзе выключаная з гэтага законапраекта. Кіраўнік чэшскага МЗС запэўніў яе, што амбасада ў Мінску неўзабаве пачне зноў выдаваць візы беларусам. Але ў выніку закон быў прыняты ў такім выглядзе, што беларусы засталіся практычна без віз.

Па словах Вячоркі, у законе было вельмі жорстка прапісана, што беларусам не будуць выдаваць ніякіх візаў. Ціханоўская і яе дарадцы планавалі паўплываць на змены ў законе, каб зрабіць там як мага больш выключэнняў для беларусаў. "Напрыклад, выключэнні па ўз'яднання сям'і, для студэнтаў, па гуманітарных прычынах, для актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў", — пералічвае ён.

У выніку ў законе замест "Беларусь" з'явілася фармулёўка "трэція краіны". Але ў пастанове МЗС, якая ўдакладняе закон, гаворыцца пра Беларусь. 

Вячорка кажа, што выключэнне па выдачы віз зрабілі для ўз'яднання сем'яў і запусцілі спецыяльную праграму для тых, хто едзе ў Чэхію па палітычных прычынах.

Студэнцкія візы пакуль што застаюцца пад забаронай. Па словах палітыка, анконт іх ідуць перамовы. "Я думаю, у бліжэйшы месяц-два мы ўсё ж такі гэтую праблему вырашым", — выказаў ён надзею.

Дарадца Ціханоўскай прызнаў, што цяпер некаторых заходніх палітыкаў стала вельмі цяжка пераканаць у неабходнасці дапамагаць беларускаму грамадству. Цяпер беларусаў лічаць суагрэсарамі ў вайне, і многія не аддзяляюць грамадства ад дзяржавы. Вячорка мяркуе, што жорсткія фармулёўкі аб спыненні выдачы віз былі прынятыя пад уплывам спецслужбаў: пасля пачатку вайны яны, маўляў, у кожным беларусе гатовыя бачыць агента і шпіёна. Да таго ж, цяпер усе занятыя дапамогай Украіне і ўкраінскім уцекачам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.