Няхутка ў школу пры Талібане, зялёны ліхтар для мігрантаў і містыфікацыя года

Сусветныя навіны / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Сусветныя навіны / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Поўны набор сусветных праблем: няроўны доступ да адукацыі, змены клімату, нелегальная міграцыя і гендарнае пытанне. І ўсё гэта ў адным рэгулярным аглядзе Еўрарадыё.
 

Талібская дыпламатыя

Вось ужо месяц, як дзяўчаты на большай частцы афганскай тэрыторыі не ходзяць у школы. Талібы кажуць, што дзяўчаты самі гэтага не хочуць — а яны не могуць прымушаць. Але абяцаюць адкрыць у краіне жаночыя школы, каб стварыць умовы для бяспечнага навучання.

Так кажуць прадстаўнікі Міністэрства заганы і цноты "Талібана". У якое ператварылася былое Міністэрства па справах жанчын.

— Папярэдняму ўраду спатрэбіліся гады, каб адкрыць школы для дзяўчат. Чаму вы чакаеце, што мы зробім гэта за некалькі дзён? — задае прадстаўнік міністэрства пытанне карэспандэнту ВВС.

Колькі яшчэ часу дзяўчаты не змогуць хадзіць у школу, а жанчыны на працу? Калі талібы за апошнія гады нечаму і навучыліся, то гэта дыпламатыі.

— Так хутка, як толькі зможам [мы дамо ім гэтую магчымасць. — Еўрарадыё]. <...> Жанчынам дазволяць працаваць у тых сферах, дзе яны патрэбныя.

 

Зялёнае святло

Польскі юрыст Каміл Сілер жыве недалёка ад беларуска-польскай мяжы. І больш не можа ўсё гэта трываць.

Палітыка — палітыкай, вырашыў ён, але людзі ж на самай справе мерзнуць у лесе. Ён заклікаў неабыякавых палякаў, якія таксама жывуць недалёка ад мяжы, запальваць у сваіх вокнах зялёнае святло.

Нескоро в школу при Талибане, зелёный фонарь для мигрантов и мистификация года
Прымежны крызіс / gpk.gov.by

Гэтай ідэяй Сілер падзяліўся ў фэйсбуку на англійскай, польскай, французскай, арабскай і курдскай мовах, каб у мігрантаў не засталося шанцаў прайсці міма зялёнага агню. Юрыст растлумачыў: ён не збіраецца нікога хаваць або дапамагаць нелегальна дабрацца з Польшчы ў іншыя краіны.

Але і глядзець на тое, як людзі паміраюць у памежжы, таксама не збіраецца. Ежу і дах над галавой яны ў яго доме з зялёным ліхтаром знойдуць. А колькі такіх ліхтароў з'явіцца ў памежжы, пакуль невядома. Але мітынг у абарону правоў мігрантаў ужо сабраў сваіх прыхільнікаў.
 

Што ў імені табе маім?

Іспанія ў шоку. Іспанія зачытвалася раманамі пісьменніцы Кармэн Мола. Ёй прысудзілі літаратурную прэмію "Планета". Яе літаратурныя трылеры прыводзілі чытачоў то ў жах, то ў трапятанне. А ў дзень уручэння прэміі Кармэн Мола прывяла іх яшчэ і ў шок.

Здагадаліся? Думаеце, Кармэн Мола аказалася мужчынам? Лепш! Кармэн Мола аказалася трыма мужчынамі! Пад гэтым псеўданімам хаваліся трое тэлевізійных сцэнарыстаў. Кароль Іспаніі Філіп і каралева Летыцыя былі сярод шакаваных гасцей. Гэта значыць, выкрыццё здзейснілася на самым высокім узроўні.

Стыль Кармэн Мола параўноўваюць з італьянскай пісьменніцай Аленай Ферантэ. На афіцыйным сайце Кармэн было адкрыта сказана: гэтае імя — псеўданім. Але стваральнікі легенды пайшлі далей: лічылася, што Кармэн жыве ў Мадрыдзе з мужам і дзецьмі і выкладае ва ўніверсітэце.

І сцэнарысты гадамі давалі інтэрв'ю ад імя Кармэн з Мадрыда! Здаецца, гэта іх найлепшы сцэнар.
 

Клімат — гэта новы чорны

Рок-зоркай можаш ты не быць, але кліматычным актывістам быць абавязаны. І тады можаш стаць заадно і рок-зоркай.

Вядома, пакуль што такое комба ўдалося толькі адной кліматычнай актывістцы. Грэта Тунберг выступіла на канцэрце ў рамках кліматычнай акцыі Climate Live. Яна праспявала песню Never Gonna Give You Up — гэта хіт 80-х.

Грэта растлумачыла, што ў арганізацыі "Пятніцы дзеля будучыні" гэтую песню спяваюць заўсёды, вось яна і вырашыла зрабіць сюрпрыз іншым актывістам. Як адрэагавалі актывісты, лепш глядзіце самі.

Грэта і хіт 80-х

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі