Новы від махлярства ў Беларусі: ходзяць па хатах і прадстаўляюцца "адвакатам"

У Беларусі набірае моц новы від махлярства. Як паведамляе Следчы камітэт, па хатах ходзяць людзі, якія прадстаўляюцца "адвакатамі". 

Рагачоўскі райаддзел СК завёў крымінальную справу па факце завалодання махлярамі грошай двух жыхарак вёскі Ветачка Рагачоўскага раёна.

Паводле следства, раніцай 4 ліпеня да 82-гадовай жыхаркі вёскі прыйшла незнаёмая жанчына, якая прадставілася адвакатам. Яна запэўніла пенсіянерку, што аказвае юрыдычную дапамогу яе ўнучцы, якая жыве ў Мінску — нібыта дзяўчына парушыла правілы дарожнага руху, перайшоўшы дарогу ў непазначаным месцы. Яе збіла машына, дзяўчына ў рэанімацыі. Дзеля правядзення ўнучцы тэрміновай аперацыі і "адмазкі" за правапарушэнне госця запатрабавала ад бабулі 15 тысяч долараў. Пры чым, паводле "адвакаткі", бацькі дзяўчыны ўжо перадавалі грошы, але іх апынулася мала. У выніку бабуля аддала незнаёмай усе зберажэнні — 1500 рублёў і 300 долараў.

Сын пенсіянеркі, прыехаўшы на абед і пачуўшы гісторыю, зразумеў, што ў бабулі пабывалі махляры і звярнуўся ў міліцыю.

Следчы камітэт просіць дарослых, у якіх пажылыя бацькі, тлумачыць ім правілы камунікацыі з незнаёмцамі па пытаннях перадачы грашовых сродкаў.

На мінулым тыдні ў Брэсце асудзілі махляра, які праз тэлефон выманіў у жанчын больш за 10 тысяч долараў — таксама аповедамі пра ДТЗ, у якія нібыта патрапілі іх сваякі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.