Вы тут

Новы скандал у беларускім футболе: Зайцаў выйшаў з выканкама АБФФ

Аляксандр Зайцаў / pressball.by

Новы скандал у беларускім футболе: Аляксандр Зайцаў выйшаў з выканкама АБФФ. Бізнесмен, які валодае брэсцкім клубам "Рух", адрэагаваў на паражэнне яго каманды ад мінскага "Дынама" ў чэмпіянаце краіны. Матч прайшоў у Брэсце ў нядзелю. Каманды змагаюцца за медалі, мелі аднолькавую колькасць ачкоў. Аднак ужо на 30-й хвіліне суддзя Сяргей Краснікаў з Гродна пакінуў "Рух" у меншасці. Каманда ў выніку прайграла — 1:3.

У лісце ў АБФФ Зайцаў піша, што згаданая гульня "прадэманстравала яркі прыклад залежнасці судзейскага корпусу ад рашэнняў кіраўніцтва федэрацыі". Ён сцвярджае, што меў інфармацыю пра "ўстаноўку" на перамогу "Дынама", атрыманую арбітрам, і за тыдзень паведаміў пра гэта ў федэрацыю. Аднак яе не правяралі, а Краснікава прызначылі на матч. Аляксандр Зайцаў заяўляе, што "месцы ў чэмпіянаце вызначаюцца далёка не па спартыўным прынцыпе". Цікава, што падобная крытыка федэрацыі ўтрымліваецца і ў дакладзе, які нядаўна агучыў Беларускі фонд спартыўнай федэрацыі, і які атрымалі ва УЕФА.

У пачатку верасня, адкрываючы стадыён "Дынама-Юні", Аляксандр Лукашэнка даў "устаноўку" дынамаўцам, што сёлета трэба узяць у чэмпіянаце бронзу. Пасля перамогі ў Брэсце яны сталі да гэтай мэты на крок бліжэй.

Заява Аляксандра Зайцава / rukh.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.