Вы тут

Новая апазіцыя становіцца старой: сваркі ў дэмсілах зніжаюць давер да ўсіх

У новай апазіцыі як у старой: калі нехта не сварыцца, то ён у турме / прэсс-служба Ціханоўскай

Крызіс у дэмакратычных сілах вядзе да таго, што іх агульны ўплыў на беларускае грамадства спадзе. І трэба будзе чакаць новага ўздыму і лідара, які зноў аб’яднае людзей. Такое меркаванне выказаў у эфіры Еўрарадыё палітолаг Андрэй Ягораў.

Дзесьці ў красавіку-траўні 2021 года Уладзімір Мацкевіч крычаў пра тое, што цэнтрабежныя тэндэнцыі набіраюць тэмп. І прапанаваў прыняць мемарандум дэмакратычных сіл, дзе б публічна канстатаваліся асноўныя мэты, структура ўзаемадзеяння і адказнасць, механізмы выканання дамоўленасцяў, якія дасягаюцца дэмакратычнымі сіламі. Я не памятаю, каб нешта было падпісана публічна тады. Была агульная дэкларацыя пра тое, што мы [дэмсілы. — Еўрарадыё] разам, ствараем нейкі адзіны рух і гэтак далей. Але публічнага палітычнага мемарандума не было.

Палітыка — гэта ўсё ж такі публічнае ўзаемадзеянне, публічныя дакументы і публічная адказнасць, якая ўзнікае, калі хтосьці парушае гэтыя дамоўленасці. І калі гэта не здарылася, тэндэнцыі прыватызацыі, так бы мовіць, вынікаў рэвалюцыі 2020 года і цэнтрабежныя тэндэнцыі пачынаюць пераважаць.

Цяпер апазіцыя набыла традыцыйную для Беларусі форму жыцця — сваркі і ўзаемныя прэтэнзіі.

Гэта будзе азначаць, што будзе зніжацца агульны ўплыў усіх гэтых сілаў на беларускае грамадства, ствараючы сітуацыю, калі новая апазіцыя становіцца такой самай, як старая. Яна губляе сацыяльную базу, палітычны ўплыў. Гэта значыць, што любая новая палітычная сіла ці новая палітычная структура, якая з’яўляецца, новыя твары могуць даволі лёгка перакуліць гэтую сітуацыю і захапіць лідарства, як тое зрабілі ў траўні 2020 года Бабарыка і Цапкала таксама.

Прычыны такой сітуацыі ў тым, што няма выразных палітычных дзеянняў, упэўнены эксперт. І тут не так значны ўплыў Крамля ці яшчэ нейкіх сілаў.

Няма стратэгі і яе выканання. Нічога не адбываецца ў палітыцы, а, лічыце, не адбываецца з вясны 2021 года. Праз гэта людзі шукаюць вінаватых, сварацца адзін з адным. У гэтай сітуацыі даволі лёгка дзейнічаць нейкім знешнім агентам, якія могуць падліваць масла ў агонь, што, думаю, яны і робяць. Але мне не падаецца, што гэта цалкам інспіраваная знешне сітуацыя, — робіць выснову Андрэй Ягораў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.