Вы тут

Нават пасля кантакту з хворым на COVID беларусы не гатовыя звяртацца да лекараў

Медыцынскія работнікі ў ахоўных касцюмах штурхаюць пацыента на насілках перад паліклінікай / Reuters

Кампанія SATIO правяла даследаванне пра ўспрыманне беларусамі сітуацыі з COVID-19. Аказалася, 23,7% (а гэта, на хвілінку, амаль кожны чацвёрты беларус) думаюць, што ўжо перахварэлі на каранавірусную інфекцыю. Пры гэтым 77% тых, хто падазраваў у сябе COVID-19, не звярталіся да лекараў.

Чаму настолькі многія ўпэўненыя, што ўжо перахварэлі? Асноўныя прычыны такія: падобныя сімптомы; заразнасць хваробы (ды як жа я мог не перахварэць?); невыкананне самаізаляцыі; праца, звязаная з людзьмі.

На пытанне "Што б вы зрабілі, калі б даведаліся, што кантактавалі з чалавекам, у якога каранавірус?" — палова з рэспандэнтаў, якія "не хварэлі", адказала, што звярнулася б у бальніцу пасля праяўлення сімптомаў. Самая важкая прычына не звяртацца па дапамогу — рызыка заразіцца падчас паходу ў медыцынскую ўстанову.

Пры гэтым беларусы добра ведаюць адно аднаго — і нібы здагадваліся пра тое, што апытанне прынясе менавіта такія вынікі. Інакш як растлумачыць, што амаль палова апытаных мяркуе, што кожны другі хворы хавае сваю хваробу?

Людзі з вышэйшай адукацыяй часцей падазравалі ў сябе перанесеную хваробу. А калі гаварыць пра геаграфію, то самымі падазронымі аказаліся рэспандэнты з Гомельскай вобласці і Мінска. Радзей падазравалі ў сябе каранавірус у Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.

Даследаванне праводзілася на другі тыдзень чэрвеня 2020 года з дапамогай платформы merkavanne.by. У ім прынялі ўдзел 1002 чалавекі ва ўзросце ад 18 да 64 гадоў.

23 чалавекі з гэтай выбаркі (2%) мелі афіцыйна пацверджаны дыягназ "каранавірусная інфекцыя". Сацыёлагі экстрапалявалі гэтыя звесткі і лічаць, што рэальна ў Беларусі перахварэць на COVID-19 маглі 137 тысяч чалавек. Паводле афіцыйнай статыстыкі, на раніцу 8 ліпеня ў Беларусі зарэгістраваныя 64 224 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.