Вы тут

Нават не паспеў стаць у пікет — гісторыя айцішніка, у якога стралялі

Буданак "Парка высокіх тэхналогій" / park.by

Шматлікія аскепкавыя агнястрэльныя раненні ў вобласці грудзей і пляча, а таксама тэрмічны апёк атрымаў айцішнік Алег пасля таго, як у яго стрэлілі сігнальнай ракетай падчас разгону ланцуга салідарнасці каля ПВТ.

Алегу 43 гады. Каля 20 гадоў у IT. Кажа, што пачынаў, "калі айцішнікі зараблялі менш за завадчан", піша "Наша Ніва".

26 кастрычніка ён хацеў паўдзельнічаць у акцыі салідарнасці каля Парку высокіх тэхналогій. Прыехаў, прыпаркаваў аўтамабіль, але нават не паспеў стаць у пікет: "Першае, што пачуў ад людзей: "Бяжыць АМАП". Усе пачалі разбягацца, засталося 10 чалавек, у тым ліку Алег. Ён пачаў здымаць тое, што адбываецца, на відэа. Момант стрэлу таксама трапіў у кадр.

"На адным з відэа бачна, як амапавец з'явіўся з-за дрэва і стрэліў літаральна ва ўпор у мяне сігнальнай ракетай. Я глядзеў крыху не ў той бок, таму не ўспрымаў яго як пагрозу, нават не паспеў зрабіць пару крокаў назад або ўбок", — расказвае Алег.

Яго затрымалі і даставілі ў РУУС. Там адзін з супрацоўнікаў заўважыў, што ў Алега парваная куртка і выглядае ён "не вельмі". Выклікалі хуткую, якая забрала яго ў бальніцу.

"У мяне апёк 2% цела, цэлы тыдзень знаходзіўся на абязбольвальных, без іх было б вельмі цяжка. Увесь час ездзіў на перавязкі, усё яшчэ не загаілася", — расказаў ён.

5 лістапада ў судзе Ленінскага раёна прайшоў суд. На пасяджэнне Алег прыйшоў у той самай парванай куртцы. У дачыненні да яго склалі два пратаколы — па артыкулах 23.34 і 23.4. У выніку ён атрымаў два штрафы па 10 базавых велічынь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.