Вы тут

Навальны не ведаў пра тое, што абвешчаны ў Расіі ў вышук — адвакат

Аляксей Навальны / Reuters

Аляксей Навальны не ведаў пра тое, што абвешчаны ў Расіі ў федэральны вышук, калі заяўляў аб сваім намеры вярнуцца ў Маскву, паведаміў у каментары "МБХ медиа" адвакат палітыка Вадзім Кобзеў.

"Мы пра гэта даведаліся сёння, пасля таго, як ён абвясціў [пра вяртанне ў Расію]", — сказаў адвакат.

Канал Mash апублікаваў на сваёй старонцы адпаведную пастанову ўпраўлення ФСВП па Маскве. З тэксту дакумента вынікае, што Навальны знаходзіцца ў федэральным вышуку з 29 снежня мінулага года. "Мабыць, наклаліся святы, і пра гэта неяк забыліся публічна абвясціць", мяркуюць аўтары Mash.

Прычына аб'явы ў вышук - "Навальны не адзначаўся па справе "Ив Роше" (тады ён атрымаў умоўны тэрмін) і ігнараваў кантроль".  У рамках гэтай справы Навальны быў асуджаны на 3,5 года ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам у пяць гадоў. Тэрмін заканчваўся 30 снежня 2020-га.

Адвакат Кобзеў таксама сказаў у каментары для "Открытых медиа", што яшчэ не меў зносін з Навальным з нагоды вышуку. Але пры гэта выказаў упэўненасць, "што гэта ніяк не ўплывае на яго намер вярнуцца".

Напярэдадні Навальны напісаў у сацсетках, што мае намер вярнуцца ў Расію рэйсам "Победы" 17 студзеня. З жніўня  2020 года ён знаходзіцца ў Германіі, куды яго даставілі для лячэння пасля таго, як яму стала дрэнна ў самалёце Томск-Масква. Вынікі экспертызы паказалі, што яго атруцілі атрутай з групы "Навічок".

Было праведзена незалежнае расследаванне, якое выявіла, што да атручвання могуць быць датычныя супрацоўнікі ФСБ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.