НАТА не ўяўляе пагрозы для Беларусі: альянс зноў адрэагаваў на словы Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Гожскага ваеннага палігона ў Гродзенскай вобласці / president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Гожскага ваеннага палігона ў Гродзенскай вобласці / president.gov.by

"НАТА не ўяўляе ніякай пагрозы для Беларусі ці якой-небудзь іншай краіны", — у чарговы раз заявіла прэс-сакратарка альянсу Аана Лунгеску. Увечары 22 жніўня яна назвала заяву Аляксандра Лукашэнкі аб "варушэнні войскаў НАТА" каля беларускіх межаў беспадстаўнымі, паведамляе Deutsche Welle.

Выказванні беларускага кіраўніка аб нарошчванні сіл альянсу ля заходняй гранцы прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа лічыць "цалкам беспадстаўнымі заявамі пра ўяўныя знешніяпагрозы", а ўрад Польшчы — "прапагандай".

Падчас наведвання Гожскага ваеннага палігона ў Гродзенскай вобласці Лукашэнка загадаў міністру абароны Віктару Хрэніну ў выпадку парушэння мяжы з Захаду рэагаваць без папярэджання, маўляў, у адваротным выпадку "на Беларусі можна будзе паставіць крыж".

"... Сыплюцца заявы заходніх дзяржаў аб фінансаванні, аб падтрымцы. Ваенная падтрымка навідавоку — перасоўванне войскаў НАТА да межаў нашай краіны. Яны ўсё рухаюць да таго, каб зацягнуць сюды нібыта новага прэзідэнта, ён звяртаецца да заходніх дзяржаваў — у дадзеным выпадку да НАТА — з мэтай абароны насельніцтва. Яны ўводзяць войскі і на Беларусі можна паставіць крыж", — заявіў кіраўнік Беларусі.

Міністр у сваю чаргу адрапартаваў, што беларускія ваенныя бачаць, як войскі НАТА падыходзяць проста да беларускай мяжы з боку Літвы і адразу сыходзяць, перадае "Інтэрфакс-Захад".

"Паходзяць да мяжы, разварочваюцца і сыходзяць. Але мы іх бачым. Калі ў нядзелю будзе ў наш бок (рух войскаў — рэд.), калі так адбудзецца, то мы будзем дзейнічаць у адпаведнасці з сітуацыяй", — сказаў міністр. Пры гэтым ён непакоіцца, што дзеянні беларускіх сілавікоў за мяжой палічаць генацыдам уласнага народа, і гэта стане падставай для вайсковага ўмяшальніцтва ў справы Беларусі. 

Хрэнін мяркуе, што ўвайсці ў Беларусь могуць вайсковыя часці NATO, размешчаныя ў Польшчы і Літве. Ён прыводзіць у прыклад амерыканскія знішчальнікі F-16, якія базуюцца на польскай базе Ласк. Іх падлётны час да беларускай мяжы — 22 хвіліны.

У апошні час Лукашэнка ні раз звяртаўся да тэмы пагрозы вонкавага ўварвання з боку Захаду. І "паколькі Захад вырашыў "адсекчы Гродна"", ім было прынята рашэнне перакінуць войскі на заходні кірунак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі