Наскевіч: па справе Каардынацыйнай рады правялі "адну з найважнейшых экспертыз"

Наскевіч: па справе Каардынацыйнай рады правялі "адну з найважнейшых экспертыз"

Па крымінальнай справе Каардынацыйнай рады правялі "адну з найважнейшых экспертыз", у бліжэйшы час чакаецца заключэнне. Пра гэта ў чацвер заявіў старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч. Ён нагадаў, што "вельмі аб'ёмнай, сур'ёзнай і складанай ў расследаванні" справай займаецца галоўнае следчае ўпраўленне Цэнтральнага апарату СК. З улікам згаданай экспертызы будуць канчаткова сфармуляваныя абвінавачванні фігурантам, паведамляе БЕЛТА.

Наскевіч кажа, што ў сакавіку сябрам Каардынацыйнай рады, якія знаходзяцца за кратамі, выставяць абвінавачванні (частка сябраў КР знаходзіцца за мяжой). "Пасля гэтага будзе прымацца рашэнне аб завяршэнні расследавання гэтай крымінальнай справы", — заявіў старшыня СК.

Каардынацыйная рада была створана ў жніўні 2020-га з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай. Меркавалася, што з ёй распачнуць перамовы ўлады Беларусі. Замест чаканага дыялогу КР атрымала крымінальную справу. Тагачасны генпракурор Аляксандр Канюк заявіў, што яе дзейнасць была накіравана "на захоп дзяржаўнай улады" і на "нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспубліцы Беларусь". Сябраў рады пачалі выклікаць на допыты (сярод іх была нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, якая цяпер за мяжой), а пасля затрымліваць.

У снежні 2020-га стала вядома, што ў дачыненні да членаў кіраўніцтва Каардынацыйнай рады распачалі яшчэ адну крымінальную справу — "па фактах стварэння экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі