"Наркотыкі, ядзерныя матэрыялы і танкі": чым Лукашэнка можа палохаць Еўрасаюз?

Калі ЕС не адменіць санкцыі, то ў Мінск увойдуць рускія танкі? / Еўрарадыё
Калі ЕС не адменіць санкцыі, то ў Мінск увойдуць рускія танкі? / Еўрарадыё

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 21 верасня прыехаў у ЗША на 76-ю сесію Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Якія высновы ўжо цяпер можна зрабіць на падставе гэтай паездкі?

— Я не бачу нейкіх асаблівых, важных і доўгайграючых наступстваў гэтага візіту, — кажа палітычны аналітык Арцём Шрайбман. — Макей шмат гаварыў пра тое, як дрэнна, што Беларусь пад санкцыямі, як гэта для ўсіх шкодна і як гэта нас усіх вядзе да вайны. Рыторыка Макея і Лукашэнкі на генасамблеях не мяняецца апошнія 20 гадоў. Кантакты з еўрапейскімі дыпламатамі, мяркуючы па ўсім, былі даволі стрыманыя, пратакольныя, таму што ніякіх сур'ёзных навін адтуль не выйшла.

Еўропа пачала прымаць жорсткія меры ў адказ на паток мігрантаў, якія спрабуюць пранікнуць у ЕС з Беларусі. Відавочна, што міграцыйны шантаж не спрацаваў, але ўцекачоў па-ранейшаму працягваюць спыняць на мяжы. Як доўга беларускія ўлады будуць прымяняць такую тактыку?

— Тое, што міграцыйны крызіс не працуе цяпер для змены пазіцыі Польшчы і Літвы, у галаве ў Лукашэнкі гэта значыць, што трэба, можа быць, проста паднаціснуць і засылаць больш мігрантаў, і тады спрацуе, — расказвае аналітык. — Але ёсць фактары, якія могуць паўплываць на сітуацыю, і яны не ў руках у беларускай улады.

З аднаго боку, Афганістан дае новых людзей, з другога боку, распаўсюджваецца інфармацыя пра тое, што літоўскія, латвійскія і польскія памежнікі абыходзяцца з мігрантамі не тое каб мякка. Я не ведаю, колькі яшчэ будуць знаходзіцца ахвотныя адпраўляцца ў такую небяспечную паездку, асабліва ўзімку і ўвосень.

І трэці фактар — санкцыі. Калі пяты пакет санкцый будзе дастаткова жорсткі, то я дапускаю, што Мінск можа здаць назад. З аднаго боку, будзе хацецца паказаць, што мы "непахісныя", але потым, калі, напрыклад, калій перастане куды-небудзь паступаць, то расклады ў такім выпадку могуць быць розныя. Адна рэч бравіраваць, калі ў цябе страты ад санкцый вымяраюцца дзясяткамі мільёнаў долараў, і іншая рэч, калі сотнямі мільёнаў або мільярдамі.

Еўрапейцы перасталі цырымоніцца і пачалі высылаць закінутых уцекачоў назад у Беларусь. Намеснік міністра МУС Мікалай Карпянкоў заявіў, што такім чынам пад выглядам мігрантаў з Еўропы спрабуюць закінуць тэрарыстаў і экстрэмістаў. Але замест таго, каб спыніць міграцыйную чахарду, беларускія памежнікі і далей "не заўважаюць" мігрантаў, якія прабіраюцца ў Еўропу праз памежныя кардоны. Як хутка чакаць фокусаў у Беларусі ад згаданых "тэрарыстаў", якія прывыклі трымаць зброю ў руках?

— Не думаю, што хтосьці цяпер сур'ёзна пра гэта задумваецца. Здаецца, што ў беларускай улады доўгатэрміновае планаванне выключылася ўжо даўно, — сумняваецца Арцём Шрайбман. — Шчыра кажучы, я б не чакаў ад людзей з нейкім тэрарыстычным мінулым таго, што яны пачнуць учыняць тэракты ў Беларусі.

Праблемай, хутчэй, могуць стаць сацыяльна-гуманітарныя рэчы, такія як збіранне людзей у прыгранічных раёнах або дзесьці яшчэ. Гэта будзе ствараць напружанасць з мясцовымі. А тэрарызм — гэта ўсё-ткі ідэалагічна абгрунтаваны выгляд злачыннасці. Я не думаю, што нейкія аб'екты ў Беларусі прывабныя для смяротнікаў з Блізкага Усходу. Толькі калі беларускія ўлады пачнуць неяк асабліва жорстка абыходзіцца з мігрантамі.

Але калі міграцыйны шантаж не спрацаваў, то што новага ў "гібрыднай вайне" могуць прыдумаць беларускія ўлады?

— Тут Лукашэнка ўмее здзіўляць. Ён казаў пра наркотыкі, якія могуць ісці ў ЕС, казаў пра нейкія ядзерныя матэрыялы. Можна інтэнсіфікаваць вайсковае супрацоўніцтва з Расіяй, палохаць расійскімі танкамі. Можна наехаць на літоўскі і польскі бізнес, які застаўся ў Беларусі. Можна ствараць праблемы для еўрапейскіх дыпламатаў. Мне здаецца, што цяпер Лукашэнка рухаецца ў бок большага ўцягвання Расіі, спробы паказаць еўрапейцам, што ў адказ на іх ціск будзе большая прысутнасць Масквы проста ля іх межаў.

“Наркотики, ядерные материалы и танки”: чем Лукашенко может пугать Евросоюз?
Мігранты, якім "пашчасціла" трапіць у лагер уцекачоў / тэлеграм

Улады не адмовіліся ад рэферэндуму па Канстытуцыі. Зыходзячы з нядаўна сказанага беларускім кіраўніком, можна выказаць здагадку, што змены ў галоўным дакуменце краіны не дазволяць палітычным апанентам Лукашэнкі трапіць ва ўладу. Ёсць падставы для такіх здагадак?

— Вядома, гэта адна з мэт. Лукашэнка сам прагаварыў, што наша задача не дапусціць "вось гэтых вось" да ўлады. Цікава, як яны гэта прапішуць у Канстытуцыі. Ёсць нават шмат жартаў на гэтую тэму, маўляў, забараніць людзям з прозвішчам "Бабарыка" і "Ціханоўскі" вылучацца ў прэзідэнты. Але яны гэтым шляхам, у прынцыпе, пачалі ісці, калі меркаваць па праекце, які апублікаваў Васкрасенскі.

Тут варыянтаў мноства, і пакуль Лукашэнка ва ўладзе і яго сістэма працуе, абсалютна ўсё роўна, што прапісана ў Канстытуцыі. Таму што ўсё трымаецца не на фармальным, а на палітычным кантролі за выбарчай сістэмай, якая і так нікога нікуды не прапусціць.

Калі ўявіць, што Лукашэнка перасядзе ў крэсла старшыні Усебеларускага народнага сходу, а на яго месца прызначаць іншага чалавека, абсалютна лаяльнага да парад і рэкамендацый "старшыні ВНС", то такая ракіроўка дазволіць экс-кіраўніку "даваць парады" вечна?

— Не факт. Калі ў цябе з'яўляюцца паўнамоцтвы, калі на цябе пачынае глядзець наменклатура як на цэнтр прыняцця рашэнняў, калі на цябе пачынае глядзець Расія, то пачынаецца цікавая дынаміка — тое, што адбывалася ў Мядзведзева і Пуціна ў 2008–2012 гадах, — тлумачыць палітычны аналітык. — Вакол аднаго чалавека пачынаюць фармавацца чыноўнікі і групы ўплыву і вакол другога. І яны спрабуюць адно аднаго тапіць, спрабуюць паказваць адно на аднаго як на крыніцу праблем. Гэта прыводзіць да таго, што пачынаюцца канфрантацыі, нават не выкліканыя асабістай варожасцю паміж лідарамі двухгаловай машыны.

Менавіта таму, што Лукашэнка разумее няўстойлівасць такога фармату, мы да гэтага часу не чуем таго, як яны спрабуюць вырашыць гэтую праблему з УНС і двоеўладдзем. На самай справе можа атрымацца так, што ўсе інстытуты ўлады, якія працавалі на цябе, пераарыентуюцца на новага прэзідэнта.

“Наркотики, ядерные материалы и танки”: чем Лукашенко может пугать Евросоюз?
Ці можа падысці Наталля Качанава на ролю "паслухмянага прэзідэнта"? / sovrep.gov.by

Словы і пагрозы Лукашэнкі на адрас Украіны — чым гэта можа скончыцца? Ці памяняе Кіеў сваю пазіцыю?

— Гэта можа прывесці да таго, што Кіеў будзе люстраным чынам узмацняць сваю вайсковую інфраструктуру на паўночнай мяжы. Іншае пытанне наконт гандлю, — падкрэслівае Арцём Шрайбман. — Наколькі я разумею, ва Украіны ёсць дзве магчымасці ў кароткатэрміновай перспектыве забяспечваць сябе нафтапрадуктамі: купляць у Расіі і купляць у Беларусі. Выбіраючы з гэтых опцый, што б Беларусь ні рабіла, пакуль яна не ідзе войскамі на Украіну, яна не будзе ўспрымацца настолькі ж варожай дзяржавай, як Расія. Таму Украіна вельмі стрымана падыходзіць да гандлёвых санкцый і нават нарошчвае закупкі беларускіх нафтапрадуктаў.

Зыходзячы з бягучых падзей, якія не самым лепшым чынам складваюцца для палітычнай незалежнасці Беларусі, ці можна сказаць, што Беларусь праз некалькі гадоў ператворыцца ў Прыднястроўе, чарговую "шэрую зону" на мяжы з Еўрасаюзам?

— Безумоўна, мы рухаемся ў гэты бок, часам сямімільнымі крокамі. Але я не думаю, што па нейкім пазбаўленні Беларусі фармальных атрыбутаў суверэнітэту мы наблізімся да Прыднястроўя або Абхазіі. Усё ж суверэнную дзяржаву пазбавіць гэтага ўсяго нашмат складаней, чым рэгіён, які так праблемна адчуваў сябе ў межах сваёй краіны.

Хутчэй, Беларусь усё больш і больш будзе падобная да Крыма. Не ў плане анексіі Расіяй, а ў плане чорнай зоны для кантрабанды, шэрых аперацый, для бясконцых схем абыходу санкцый. Гэта практычна непазбежна, гэта ўжо адбываецца, — рэзюмуе аналітык.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі