Вы тут

Намміністра спорту: мне хапае слэнгу, каб нармальна пагаварыць са спартоўцамі

Міхаіл Партной / TUT.by

Намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной у інтэрв'ю Tribuna.com заявіў, што ён не цісне на спартоўцаў, якія ходзяць на мірныя акцыі пратэсту і крытыкуюць дзеянні ўлады.

Партной стаў намеснікам міністра спорту ў 2015-м. Да 2009 года ён займаў пасаду намесніка камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Узброеных сілаў, а потым працаваў у Віцебскім аблвыканкаме. 

Свае размовы са спартоўцамі чыноўнік лічыць нармальнымі: "Мы размаўлялі са спартсменамі лаяльна, добразычліва, каб накіраваць на шлях праўдзівы, не больш таго. Гэта раз. Другое, мы адстойваем сваю пазіцыю па ўласным перакананні".

Намеснік міністра лічыць, што спартоўцаў "уцягнулі": "Яны, у прынцыпе, разумеюць, што іх уцягнулі, і ведаюць, што гэта няправільна". 

Прайшоўся ён і па канкрэтных асобах пратэстоўцаў — асабліва дасталося самбісту Сцяпану Папову, чэмпіёну свету і Еўропы. Ён падпісаў зварот спартоўцаў за сумленныя выбары і ходзіць на акцыі пратэсту. 

"Вось хто такі Папоў? Выйшаў у тыраж. Вы пагаварыце з людзьмі, якія займаюцца з ім у зале. Спытаеце ў таго ж Юры Рыбака. Яны пагарджаюць гэтым Паповым. Ён незразумела дзе, незразумела што. Вось быў у верасні чэмпіянат Рэспублікі Беларусь (Папоў заняў на турніры другое месца ў катэгорыі да 84 кг. — Tribuna.com). Ён не змог стаць чэмпіёнам, каб у далейшым прадстаўляць нашу краіну на міжнароднай арэне, а цяпер будзе нешта даказваць. У нас ёсць дадатковыя ўзнагароды за паказаны вынік, а Папоў бачыць, што выніку няма. Думае, што хтосьці з-за мяжы дасць дзве капейкі. Няхай даюць, мы не супраць. Але трэба ж і сумленне мець", — заявіў Партной.

Спартовы чыноўнік падкрэсліў, што размовы са спартоўцамі адбываюцца спакойна, без пагроз: "Выбачайце мне, я кандыдат палітычных навук, у мяне чатыры вышэйшыя адукацыі. Мне цалкам хапае слэнгу, гутарковага запасу, каб нармальна пагаварыць"

Дарэчы, Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці ўнёс Партнога ў санкцыйны спіс. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.