Начныя абстрэлы Запарожскай АЭС і шматпавярховак у Харкаве — 210-я раніца вайны

Запарожская АЭС знаходзіцца пад кантролем расійскіх войскаў / Reuters

Ноччу зноў абстралялі Запарожскую АЭС. Ва ўкраінскім "Энергаатаме" кажуць, што ўдар нанеслі расіяне — каля гадзіны ночы. У выніку было пашкоджана абсталяванне энергаблока №6 і адбыўся аварыйны запуск дызель-генератараў, якія забяспечваюць працу помпаў астуджэння. Персанал станцыі аператыўна наладзіў сілкаванне энергаблока, пасля чаго дызель-генератары былі выключаныя і пераведзеныя ў рэжым дзяжурства.

Аб яшчэ адной магчымай катастрофе кажуць улады пасёлка Печанегі ў Харкаўскай вобласці. Пад абстрэлам расіян ужо некалькі дзён знаходзіцца дамба на мясцовым вадасховішчы. Калі плаціна будзе разбурана, то "магчыма ўзнікненне надзвычайнай сітуацыі з прычыны катастрафічнага затаплення тэрыторый ўніз па плыні", кажа пасялковы галава Аляксандр Гусараў. Мясцовых жыхароў папрасілі быць гатовым да эвакуацыі, распавядае "Громадське".

У самім Харкаве гэтай ноччу ракеты трапілі ў шматпавярховыя жылыя дамы. "У абодвух жылых дамах разбураныя дахі, верхнія паверхі, лесвічныя клеткі",піша мэр Харкава Ігар Церахаў. У адным з дамоў апынуліся заблакаваныя жыхары. Ратавальнікі здолелі вызваліць 10 чалавек. Па іншым адрасе ёсць адзін паранены. Усяго было чатыры "прылёты". Яшчэ адзін прыйшоўся на пустку каля прыватных дамоў. Мэтай чацвёртага апынуўся інфраструктурны аб'ект. Там ноччу быў невялікі пажар і частковае разбурэнне будынкаў, кажа Церахаў.

Жылы дом у Харкаве пасля траплення ракеты / @ihor_terekhov

За мінулыя суткі расіяне нанеслі 8 ракетных і 35 авіяўдараў, зрабілі больш за 120 абстрэлаў з рэактыўных сістэм па тэрыторыі Украіны. Пацярпела інфраструктура больш за 50 населеных пунктаў. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Па словах украінскіх вайскоўцаў, падчас абстрэлу горада Мікалаеўка (гэта ў Данецкай вобласці) праціўнік "спрабаваў ударыць па Славянскай ТЭС".

Учора так і не адбылося анансаванае выступленне прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Меркавалася, што яно будзе прысвечанае сітуацыі ва Украіне і рэферэндумам, якія абвясцілі на акупаваных тэрыторыях мясцовыя ўлады, блізкія РФ. У ЗША выказалі здагадку, што Пуцін можа абвясціць мабілізацыю на фоне паспяховага контрнаступлення Украіны. Аб гэтым, у прыватнасці, казаў дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэк Саліван. Ён не памыліўся. Выступ Пуціна адбыўся раніцай 21 верасня. Расійскі прэзідэнт абвясціў частковую мабілізацыю. У войска прызавуць тых, хто ў дадзены момант знаходзіцца ў запасе і тых, хто праходзіў ваенную службу.

"Сёння даволі шумныя навіны з Расіі. І шмат пытанняў па гэтай нагоды. Але што, уласна, адбылося? Што прагучала з таго, што не гучала раней?", — задаваўся ўчора ўвечары пытаннем кіраўнік Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён нагадаў, што пазіцыі Кіева — выразныя і добра вядомыя. "Толькі гэта нас павінна цікавіць. Не тое, што гучыць дзесьці, а то, што з'яўляецца нашай задачай. Больш падтрымкі для Узброеных Сіл Украіны, больш падтрымкі для выведкі, больш падтрымкі для сіл спецыяльных аперацый, больш падтрымкі для СБУ, для Нацгвардыі, для паліцыі, для памежнікаў —  для ўсіх, хто паступова аднаўляе нашу тэрытарыяльную цэласнасць", — сказаў Зяленскі.
 

Тым часам украінскі міністр па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук заклікала украінцаў, якія знаходзяцца на акупаваных тэрыторыях, не прымаць удзелу ў псеўдарэферэндумах. Пра гэта яна сказала падчас тэлемарафона, паведамляе "Громадське".

Міністр адзначыла, што расійскія псеўдарэферэндумы прывядуць толькі да ўзмацнення антырасійскіх санкцый і павелічэння вайсковай дапамогі Украіне.
Кіраўнікі офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк таксама заклікаў украінцаў, якія знаходзяцца на акупаваных тэрыторыях, не даваць сваіх пашпартных звестак староннім асобам. "Любы ўдзел у" рэферэндумах" будзе кваліфікавацца як замах на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны", — адзначыў Падаляк.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.