На заснавальніка фонду "Дабро рабі" пачалі яшчэ адну крымінальную справу

Следчы камітэт пачаў яшчэ адну крымінальную справу на заснавальніка і каардынатара дабрачыннага фонду "Дабро рабі" ("Добро твори") Дзяніса Тамашэвіча. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйную прадстаўніцу Следчага камітэта Юлію Ганчарову.

Раней Тамашэвічу ўжо выставілі абвінавачанне ў махлярстве ў буйным памеры. Ён знаходзіцца пад вартай, і яго крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Ганчарова ўдакладніла, што гэтыя матэрыялы грунтаваліся на плацяжах, якія прыходзілі звычайнай поштай. Аднак следчыя вылучылі з гэтай справы дакументы, якія датычаць атрымання грошай праз электронныя плацяжы. Расследаваннем гэтай справы займаецца Віцебскі гарадскі аддзел Следчага камітэта.

Раней паведамлялася, што Тамашэвіч адкрыў на сваё імя дабрачынны рахунак у адным з банкаў. Ён рассылаў арганізацыям і фізічным асобам просьбы дапамагчы сіротам, якія жывуць у дзіцячых дамах. Аданк атрыманыя грошы маладыя чалавек выдаткоўваў на сябе.

Таксама ён стварыў у інтэрнэце некалькі сайтаў, прысвечаных дабрачыннасці. Паведамляецца, што пад лістамі з просьбай пра спонсарскую дапамогу Тамашэвіч падпісваўся выдуманымі жаночымі імёнамі.

У справе фігуруюць 384 факты махлярства. Пацярпелымі па ёй праходзяць 175 чалавек. Шкода ад дзеянняў Тамашэвіча ацэньваецца больш як на 25 тысяч рублёў "новымі".