На сайце petitions.by з'явілася петыцыя за адстаўку міністра Шуневіча
Петыцыя за адстаўку міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча з'явілася на сайце petitions.by. Адправіць гэтую петыцыю плануецца ў Адміністрацыю прэзідэнта і Савет міністраў.
Аўтары петыцыі заяўляюць, што міністр перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы, калі ён сам і яго ведамства выступілі з заявай наконт ЛГБТ-сцяга на амбасадзе Вялікабрытаніі. Акрамя таго, міністр адкрыта выказаў непрыязнасць да сэксуальных меншасцяў падчас тэлеінтэрв'ю.
"Такім чынам падаецца сігнал для канкрэтнай сацыяльнай групы пра тое, што абарона іх правоў і свабод не будзе рэалізаваная ў поўным аб'ёме. Такога кшталту заявы супярэчаць артыкулу 2 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і з'яўляюцца недапушчальнымі, асабліва з улікам займанай спадаром Шуневічам пасады", — гаворыцца ў петыцыі.
Каментары Шуневіча на гэтую тэму, як гаворыцца ў заяве, падрываюць імідж Беларусі як сучаснай, бяспечнай, прававой еўрапейскай дзяржавы.
"Патрабуем адправіць Ігара Шуневіча ў адстаўку і прызначыць чалавека, які не кампраметаваў бы МУС Беларусі сваімі неадназначнымі, недастаткова кампетэнтнымі і ўзважанымі выказваннямі, а таксама ўстрымаўся б ад нашэння формы НКВД, у якой падчас сталінскіх рэпрэсій дзясяткі тысяч беларусаў расстрэльвалі і катавалі", — патрабуюць аўтары петыцыі.