Вы тут

На мытні ў Бераставіцы пабудуюць надглядны комплекс за сродкі ЕС

grt.customs.gov.by

У пункце пропуска "Бераставіца" на беларуска-польскай мяжы пабудуюць інспекцыйна-надглядны комплекс, грошы на які выдзяляе Еўрасаюз. Як паведамляе сайт Гродзенскай рэгіянальнай мытні, гаворка ідзе пра фінансаванне ў памеры 4 мільёнаў еўра. Праект рэалізуецца ў рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва "Польшчы-Беларусь-Украіна" на 2014-2020 гады.

Ужо выдзелены авансавы плацёж у памеры 1,4 мільёна еўра. Адзначаецца, што выкарыстанне стацыянарнага інспекцыйна-надгляднага комплексу (ІНК) скароціць час на мытны кантроль і павысіць бяспеку на беларуска-польскай мяжы. Таксама ў праекце закладзенае фінансаванне на падрыхтоўку спецыялістаў па вывучэнні сканаграмаў.

Новае абсталяванне дазволіць вывучыць транспартныя сродкі, не ўскрываючы іх. На праверку дастаткова будзе 10-15 хвілінаў, а ручны надгляд часам займае да 8 гадзінаў.

Ад пачатку года Гродзенская рэгіянальная мытня выявіла болей за 600 правапарушэнняў, агульны кошт тавараў, якія незаконна перамяшчаліся, склаў болей за 2,7 мільёна рублёў. Эканамічная мэтазгоднасць эксплуатацыі ІНК склала 36 рублёў прыбыткаў на 1 рубель выдаткаў.