МЗС: Вокрыкі, якія выкарыстоўвае Еўрапарламент, з Беларуссю не працуюць

Міністэрства замежных спраў Беларусі пракаментавала рэзалюцыю Еўрапарламента, прынятую 6 красавіка. Сярод іншага, гаворка у ёй ішла і пра нашу краіну. Як паведамляла Еўрарадыё, Еўрапарламент асудзіў жорсткі разгон мірных дэманстрацыяў, рэкамендаваў адмяніць скандальна вядомы дэкрэт №3, заклікаў Беларусь вызваліць затрыманых, а таксама даць свабодна працаваць СМІ і арганізацыям грамадзянскай супольнасці. Еўрапарламент нагадаў, што санкцыі з беларускіх чыноўнікаў былі знятыя як жэст добрай волі і дзеля далейшай дэмакратызацыі нашай краіны. 

У адказ кіраўнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык выказаў шкадаванне, што дэпутаты Еўрапарламента не азнаёміліся з афіцыйным меркаваннем наконт падзеяў двухтыднёвай даўнасці і не высветлілі ўсе пытанні ў прамым дыялогу.

Дыпламат падкрэсліў, што афіцыйны Мінск гатовы абмяркоўваць з замежнымі партнёрамі любыя тэмы і даваць адказы на любыя пытанні. "Менавіта ў такім ключы мы размаўлялі з тымі прадстаўнікамі ЕС, якіх па-сапраўднаму хвалюе будучыня адносін з Беларуссю. Як ужо паведамляў МЗС, на гэтым тыдні ў Мінску знаходзілася дэлегацыя з Брусэля і правяла грунтоўныя гутаркі ў дзяржорганах нашай краіны ў рамках пасяджэння Каардынацыйнай групы Беларусь — ЕС", — адзначыў Мірончык.

Рэзалюцыю Еўрапарламента ён ацаніў негатыўна: "Метад вокрыкаў і павучанняў, што часцей за ўсё выкарыстоўвае Еўрапарламент, з Беларуссю не працуе. Крытыка, калі ёсць для яе падставы, павінна насіць канструктыўны і непрадузяты характар, улічваць аб'ектыўныя рэаліі і працэсы, якія адбываюцца ў нашай краіне і ў рэгіёне ў цэлым. Прынятая рэзалюцыя паказвае, што Еўрапарламент такую ​​задачу перад сабой не ставіў".