МЗС Беларусі заклапочаны маршам польскіх нацыяналістаў у Гайнаўцы

МЗС Беларусі заклапочаны маршам польскіх нацыяналістаў у Гайнаўцы

МЗС Беларусі падзяляе заклапочанасць з нагоды марша польскіх праварадыкалаў у Гайнаўцы, якую раней выказаў кіраўнік камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі

Пра гэтую заклапочанасць заявіў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык на брыфінгу 22 лютага. "Адзін з дзеячаў, якому яны хочуць аддаць пашану, — верхавод бандфармавання Рамуальд Райс па мянушцы "Буры". Ён — ваенны злачынец. І гэта не проста наша або чыёсьці меркаванне — гэта меркаванне і адназначная выснова Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы. Гэтая спецыяльна створаная польская структура канстатавала, што дзеянні "Бурага" — злачынства з прыкметамі генацыду", — падкрэсліў Мірончык.

Ён нагадаў, што на сумленні Райса — дзясяткі беларускіх вёсак на Беласточчные, спаленых разам з жыхарамі, сотні забітых і скалечаных мірных грамадзян. "Нішто не можа апраўдаць генацыд, злачынствы супраць чалавецтва. Двух меркаванняў тут быць не можа", — упэўнены прэс-сакратар МЗС.

Беларускі дыпламат звярнуў увагу, што большасць насельніцтва польскай Гайнаўкі мае беларускія карані. "Яшчэ жывыя нашчадкі ахвяраў злачынстваў "Бурага". Нам трэба штучнае распальванне варожасці паміж беларусамі і палякамі? Трэба нагнятанне напружанасці на нацыянальнай і канфесійнай глебе? Ці ўсё ж такі нам патрэбны гістарычны дыялог, які толькі пачаў развівацца паміж нашымі краінамі?" — рытарычна запытаўся Мірончык.

На яго думку, у польскім нацыянальным пантэоне дастаткова герояў, рыцараў без страху і папроку, у тым ліку агульных для Польшчы і Беларусі. Але вырашаць гэта, вядома, мусяць самі палякі, дадаў дыпламат.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі