МЗС Беларусі — пра прызнанне Расіяй самаабвешчаных рэспублік

МЗС Беларусі выказалася пра прызнанне Расіяй незалежнасці і суверэнітэту самаабвешчаных рэспублік на ўсходзе Украіны. У Мінску рашэнне Масквы ўспрымаюць "з павагай і разуменнем", але пра магчымае прызнанне беларускімі ўладамі "Л/ДНР" маўчаць (не выказваўся пра падтрымку рашэння "старэйшага брата" і Аляксандр Лукашэнка).

"Рэспубліка Беларусь заўсёды актыўна і паслядоўна выступала за мірнае ўрэгуляванне канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны, гаворыцца ў заяве МЗС РБ. — Мы і зараз лічым дыпламатычныя метады прыярытэтнымі і гатовыя ўсяляк спрыяць гэтаму працэсу".

Беларускае знешнепалітычнае ведамства заклікае "усе бакі ўстрымацца ад ваеннай эскалацыі і любых іншых дзеянняў, якія закрываюць дарогу да міру".

Безумоўна, улады Беларусі чакаюць рэакцыі Захаду на дзеянні Расіі. І яна ўжо з'явілася — анансуюцца санкцыі. Афіцыйны Мінск пад іх патрапляць не хоча. Тым не менш, у заяве МЗС Беларусі ёсць і такі радок: "Беларускі бок у сваіх далейшых дзеяннях мае намер зыходзіць з прынцыпаў добрасумленнага стаўлення ўсіх бакоў да выканання прынятых на сябе міжнародных абавязацельстваў, стратэгічнага саюзніцтва з брацкай Расіяй, а таксама ўлічваць далейшае развіццё сітуацыі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.