Вы тут

МУС назвала расказы пра "траўлю" хлоркай на Акрэсціна "чарговымі фэйкамі"

Сродкі, якія выкарыстоўваюць для ўборкі памяшканняў на Акрэсціна / Youtube.com​

Пасля свайго вызвалення старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Барысаў распавёў, што на Акрэсціна людзей труцяць хлоркай. "Прэтэнзіі апынуліся чарговым масавым укідам" — паведаміла МУС.

"Пацверджанне таму: апытанне сукамернікаў тых, хто скардзіўся на «катаванні» хлоркай. Яшчэ адзін дакладны факт — ні ў каго з пастаяльцаў апёкаў вачэй, абцяжаранага дыхання або іншых сімптомаў атручвання гэтым рэчывам няма! Роўна як не зафіксавана і фактаў звароту за медыцынскай дапамогай па такіх падставах", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Як паведамілі ў Міністэрстве, хлорку выкарыстоўваюць, але толькі ў дэзінфікуючых сродках пры апрацоўцы памяшканняў і для недапушчэння распаўсюджвання COVID-19. Па дадзеных МУС, у гэты час людзей выводзяць з камер.

Нагадаем, раней старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Ігар Барысаў распавядаў, у якіх умовах трымаюць арыштаваных вязняў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна: "Там ёсць такая асаблівасць: усіх труцяць хлоркай. Пасля ранішняга "шмона" ў камеру заходзілі, раскідвалі рэчы, бралі вядро з хлоркай, вылівалі яго на падлогу і адразу ж выходзілі. Хлопец, які сядзеў там даўно, кажа, што такое адбываецца кожны дзень. Ты павінен імгненна пачынаць дыхаць праз якую анучку або майку. Потым усе сядзяць з галаўным болем, таму што проста невыносна".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.