"Мінскі форум": ці патрэбныя Беларусі эканамічныя рэформы?

"Мінскі форум": ці патрэбныя Беларусі эканамічныя рэформы?

Мадэрнізацыя беларускай эканомікі і праект рэформаў сталі адной з тэмаў абмеркавання на "Мінскім форуме", які праходзіць гэтымі днямі. 

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Барадзеня ў сваім выступе заявіў, што ён не супраць рэформаў, але катэгарычна не падтрымае рэзкую прыватызацыю такіх гігантаў прамысловасці, як МТЗ ці МАЗ. У рэформах, на яго думку, трэба абапірацца на грамадскае меркаванне: калі беларусы падтрымаюць рэформы — можна іх пачынаць. Але працэс рэформаў у Беларусі, мяркуе дэпутат, ідзе і так. 

Запярэчыла яму іншая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, сябра апазіцыйнай Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая. Па яе словах, Беларусі тэрмінова патрэбныя рэформы ва  ўсіх сферах, але ўлады не гатовыя да іх. Канапацкая паведаміла, што да бюджэту Беларусі на 2018 год яна з паплечнікамі падрыхтавала 21 прапанову наконт падаткаў. "Мае калегі па Палаце прадстаўнікоў не падтрымалі ні адну з гэтых прапановаў — гэта сведчыць, што ўлада не хоча рэформаў", — упэўненая Канапацкая.

Дэпутат бундэстага Олівер Кацмарэк падчас свайго выступу адзначыў, што да яго часта звяртаюцца нямецкія бізнэсмэны і беларускія сябры з пытаннем: калі нямецкія інвестары прыйдуць у Беларусь"? На гэта Кацмарэк адказаў: тады, калі яны будуць бачыць дакладныя перспектывы прыбытку. Сёння такія перспектывы праглядаюцца, але ёсць пытанні з абаронай уласнасці ў Беларусі. Таму казаць пра непатрэбнасць рэформаў не выпадае, упэўнены нямецкі палітык.

Сёння ў "Мінскім форуме" чакаецца ўдзел міністраў замежных спраў Беларусі і Германіі Уладзіміра Макея і Зігмара Габрыеля. Перад гэтым пройдуць іх перамовы сам-насам. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі