Вы тут

Міністрам адукацыі стаў чыноўнік, які ўсталяваў нядаўна помнік Леніну ў Мінску

Фота: sputnik.by

Аляксандр Лукашэнка 15 снежня прызначыў двух новых міністраў і шэраг іншых чыноўнікаў, паведамляе яго прэс-служба.

Міністрам адукацыі прызначаны лідар Камуністычнай партыі Беларусі Ігар Карпенка, які дагэтуль быў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама. Менавіта ён у лістападзе 2016 года адкрываў новы помнік Леніну каля Мінскага трактарнага завода. Да Карпенкі міністрам адукацыі быў Міхаіл Жураўкоў.

Міністрам працы і сацыяльнай абароны прызначаны Валерый Малашка. Ён змяніў на гэтай пасадзе Марыяну Шчоткіну.

Намесніца міністра замежных спраў Алена Купчына прызначаная амбасадарам Беларусі ў Аўстрыі, Пастаянным прадстаўніком Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене, а таксама амбасадарам у Харватыі. Раней гэтую пасаду займаў Валерый Варанецкі, які цяпер стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

Намеснікам міністра інфармацыі стаў Алесь Карлюкевіч, які перад гэтым быў дырэктарам Выдавецкага дома "Звязда". Яго пасаду заняў Павел Сухарукаў.

Новым дырэктарам беларуска-кітайскага індустрыйнага парку "Вялікі Камень" стаў Аляксандр Ярашэнка.

Таксама былі прызначаныя яшчэ шэраг чыноўнікаў.