Мінэканомразвіцця Расіі: Пытанне адзінай валюты з Беларуссю абмяркоўваецца

Мінэканомразвіцця Расіі: Пытанне адзінай валюты з Беларуссю абмяркоўваецца

Беларусь і Расія абмяркоўваюць магчымасць адзінай валюты ў рамках дамовы аб саюзнай дзяржаве. Такую заяву для журналістаў зрабіў кіраўнік Міністэрства эканамічнага развіцця Расіі Максім Арэшкін па выніках сустрэчы з міністрам эканомікі Беларусі Дзмітрыем Крутым.

Расійскі міністр пацвердзіў, што цэнтральныя банкі “абмяркоўваюць, варта або не варта гэта рабіць, як гэта рабіць, у якія тэрміны гэта рабіць”. Ён таксама нагадаў, што пункт аб адзінай валюце запісаны ў дамове аб саюзнай дзяржаве, паведамляе ТАСС.

Міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Круты адзначыў, што ў самой саюзнай дамове напісана: адзіная валюта магчымая ва ўмовах адзінай эканамічнай прасторы па ўсіх кірунках.

Паводле Арэшкіна, адзіная валюта —  гэта пытанне цэнтральных банкаў, а не ўрада. “І, вядома ж, узровень абмеркавання для прэзідэнта”, —  сказаў расійскі міністр.

Сустрэча міністраў Расіі і Беларусі адбылася 8 чэрвеня ў рамках Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму. Яны абмеркавалі дарожную карту па выкананні саюзнай дамовы, якая была падпісаная ў 1999 годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі