Мінчукам пагражае да 10 гадоў за надпіс "Не забудзем, не даруем" на Пушкінскай

Народны мемарыял Аляксандра Тарайкоўскага каля метро "Пушкінская" ў Мінску / Еўрарадыё
Народны мемарыял Аляксандра Тарайкоўскага каля метро "Пушкінская" ў Мінску / Еўрарадыё

За надпіс "Не забудзем, не даруем" на Пушкінскай дваім мінчукам пагражае да 10 гадоў турмы, піша TUT.by. 

9 верасня 25-гадовая Марыя Бабовіч была затрыманая падчас напісання грунтоўкай на асфальце дзве літары з фразы "Не забудзем". Яе абвінавацілі ў хуліганстве (арт. 339 КК). Пасля выхаду на свабоду падчас давання паказанняў у міліцыі Марыя ўбачыла яшчэ адзін артыкул КК — 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). У пастанове было пазначана, што сваімі дзеяннямі Марыя нанесла матэрыяльную шкоду Гаррамаўтадору Мінгарвыканкама на агульную суму 10 182 рублі 52 капейкі.

Цяпер дзяўчына знаходзіцца ў СІЗА Жодзіна. Артыкул па яе справе перакваліфікавалі. Марыю цяпер абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса РБ — па ч. 2 арт. 339 (хуліганства) і ч. 2 арт. 218 (наўмыснае псаванне маёмасці, якое пацягнула нанясенне шкоды ў буйным памеры).

42-гадовы Дзяніс Граханаў таксама быў сярод тых, хто 9 верасня аднаўляў надпіс ля метро "Пушкінская". Яго вылічылі па камерах і затрымалі дома 10 верасня па тым жа артыкуле, што і Марыю — псаванне маёмасці. Некалькі сутак Дзяніс правёў на Акрэсціна, сказалі чакаць суда. 

— 22 кастрычніка прыйшлі і сказалі прайсці на гутарку са следчым — і ўсё, з канцамі. Спачатку следчы сказаў, што яго павінны перавесці ў Жодзіна з Акрэсціна, але цяпер наогул невядома, дзе ён, — расказала парталу мама Дзяніса. Яна кажа, што артыкул "абцяжарылі": Дзяніса абвінавачваюць па тых жа артыкулах, што і Марыю, а нанесеную Гаррамаўтадару шкоду павялічылі з 7 500 да 10 000 рублёў.

Надпіс каля народнага мемарыяла Аляксандру Тарайкоўскаму, забітаму 10 жніўня ў Мінску каля метро "Пушкінская", спрабавалі аднавіць некалькі разоў. Яго зафарбоўвалі камунальнікі. Але людзі прыносяць кветкі да месца гібелі кожны дзень. 

Дарэчы, крымінальная справа па забойстве Аляксандра Тарайкоўскага дагэтуль не распачатая.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі