Мінчук, які забіў траіх, просіць замяніць пажыццёвае зняволенне на расстрэл

Мінчук, які забіў траіх, просіць замяніць пажыццёвае зняволенне на расстрэл

Прысуджаны да пажыццёвага зняволення 23-гадовы мінчук Вячаслаў Сухарка просіць у Вярхоўнага суда расстраляць яго. 14 ліпеня разглядаецца апеляцыя забойцы трох чалавек, якую той падаў у разліку на больш жорсткі прысуд.

Адвакат Сухаркі патлумачыла, што ў судзе першай інстанцыі ён біўся галавой аб сцяну і спрабаваў нанесці сабе пашкоджанні, бо яму было сорамна за зробленае, і ён моцна перажываў. Сухарка таксама прасіў вывесці яго з субовай залы, піша радыё "Свабода".

У снежні 2015 года ў мінскай кватэры былі забітыя хлопец і дзяўчына. Следчыя высветлілі, што 27-гадовая выхавацелька дзіцячага садку і былая актывістка БРСМ Аліна Шульганава "замовіла" свайму 44-гадоваму суседу Аляксандру Жыльнікаву і яго сябру Вячаславу Сухарку свайго былога сябра, які сышоў ад яе да іншай.

Жыльнікаў і Сухарка мусілі толькі "папужаць" сваіх ахвяраў, але, уварваўшыся ў кватэру, забілі іх з асаблівай жорсткасцю. На целах забітых налічылі 140 удараў нажом. Злачынцы забралі з кватэры грошы і каштоўныя рэчы і ўцяклі.

Мінчук, які забіў траіх, просіць замяніць пажыццёвае зняволенне на расстрэл
Аляксандр Жыльнікаў і Аліна Шульганава. Фота: sputnik.by

Пасля затрымання высветлілася, што Жыльнікаў і Сухарка датычныя да яшчэ аднаго забойства. Іх ахвярай стаў жыхар Калодзішчаў, які здаваў аднаму з іх кватэру.

Сухарка сцвярджае, што раней судзімы Жыльнікаў пераканаў яго ў тым, што яму дадуць за забойства не больш за 5 гадоў турмы. Падзельнік нібыта абяцаў Сухарку, што калі той возьме віну на сябе, дык ён будзе вазіць таму перадачы ў калонію. Сухарка спачатку вінаваціў толькі сябе, але пазней выдаў напарніка следчым.

Іншыя абвінавачаныя па справе прасілі сабе больш гуманнага пакарання. Сухарку і Жыльнікава асудзілі на пажыццёвае зняволенне, Шульганавай далі 12 год калоніі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі