Міліцыянт: падпальвалі пакрышкі, кідалі святлошумавыя гранаты, труцілі газам

Міліцыянт: падпальвалі пакрышкі, кідалі святлошумавыя гранаты, труцілі газам

Міліцыянт з Баранавічаў ананімна расказаў журналістам "Intex-press" пра падзеі да і пасля прэзідэнцкіх выбараў. 

Па словах мужчыны, апошні месяц перад выбарамі ў іх штотыдзень былі трэніроўкі ў полі па дзеяннях падчас масавых акцыяў. Майстар-клас праводзілі або прадстаўнікі Брэсцкага АМАПу, або ўнутраных войскаў. Прычым заняткі былі набліжаныя да баявых. 

"Вакол нас падпальвалі пакрышкі, кідалі святлошумавыя гранаты, нас труцілі газам. Карацей кажучы, рабілі ўсё, каб мы ведалі, што нас чакае на вуліцах горада. А яшчэ вялася моцная прапагандысцкая праца. Я думаю, толькі чалавек з моцнай псіхікай на яе не павёўся", — распавядае мужчына.

Ён прызнаецца, што назіраў за настроямі людзей і бачыў, што перамога Аляксандра Лукашэнкі на сёлетніх выбарах немагчымая. "Але калі я ўбачыў высокія лічбы за Лукашэнку, зразумеў, што ў гэты раз людзі іх проста так не "праглынуць" і што ў таго, што здарылася, будуць наступствы. Уласна, усе іх і бачылі пасля выбараў", — канстатуе міліцыянт.

Увечары 9 жніўня на працы былі нават тыя, у каго былі адпачынкі і выходныя. Баранавіцкая міліцыя нават чакала дапамогі з іншых райцэнтраў, бо сваіх сілаў было недастаткова. "На самой плошчы са шчытамі былі як нашы хлопцы, так і іншагароднія, а таксама салдаты тэрміновай службы з Баранавічаў, Івацэвічаў, Брэста", — згадвае міліцыянт.

Па яго словах, на плошчы былі мірныя людзі, якія прыйшлі выказаць сваё меркаванне, але былі і правакатары, якія правакавалі міліцыю на ўжыванне сілы.

"Мы думалі, што проста пастаім, людзі пакрычаць і разыйдуцца. Але калі ў нас паляцела брукаванка, мы зразумелі, што ніякай размовы з людзьмі не атрымаецца. 

Асабіста я не хацеў нікуды бегчы і нікога затрымліваць. Дый ніхто з тых хлопцаў, якія стаялі са мной, не хацеў гэтага рабіць. Бо ў многіх там стаялі знаёмыя, сябры, родныя.

Да збіцця людзей мы ўсе ставіліся і ставімся негатыўна. Збіццё — гэта службовыя злачынствы, за якія вінаватыя павінны несці адпаведнае пакаранне", — заяўляе мужчына.

Ён згадвае, што пры выцясненні пратэстоўцаў вайскоўцы пачалі затрымліваць тых, хто ўцякаў. Падзеі сталі нечаканасцю для міліцыянтаў. "Многія з нас разгубіліся. Мы былі ў шоку. Я глядзеў на сваіх таварышаў і бачыў на іх тварах здзіўленне. Мне здавалася, што ўсё, што адбываецца, — сон, што ў нас у краіне такога быць не можа", — кажа мужчына. Па яго словах, некаторыя міліцыянты падбягалі да пратэстоўцаў і крычалі ім, каб тыя ўцякалі. Былі і тыя, хто не прывёў ніводнага затрыманага.

Пасля разгону пратэстоўцаў міліцыянты, па словах мужчыны, падзяліліся на два лагеры: "Тыя, хто мяркуе, што так паступаць няправільна, і тыя, хто ўпэўнены, што ўсё правільна. Таму на працы мы стараемся гэтую тэму не падымаць, каб не ўзнікала сварак".

Ён кажа, што хоча папрасіць прабачэння ў людзей, якія пацярпелі ад рук сілавікоў. "Мне сорамна за тое, што ў нашай прафесіі, якую раней паважалі і шанавалі, ёсць такія людзі. І яны, я лічу, павінны адказаць паводле закону", — дадае міліцыянт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі