Міліцыя затрымала "зайца", які пырснуў у твар кантралёру з пярцовага балончыка

Міліцыя затрымала "зайца", які пырснуў у твар кантралёру з пярцовага балончыка

У Мінску затрымалі мужчыну, які ехаў без квітка і пырснуў у вочы кантралёру з пярцовага балончыка. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавёў начальнік Першамайскага РУУС сталіцы Андрэй Парашчук.

Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне адбылося 11 кастрычніка. Мужчына ехаў у тралейбусе 29-га маршруту, калі туды зайшлі кантралёры. Паказваць праязныя дакументы ён адмовіўся, таму кантралёры вывелі пасажыра на прыпынак. Там ён пырснуў у твар аднаму з іх і ўцёк.

Інфармацыя пра здарэнне разам з фатаграфіяй зламысніка трапіла ў СМІ. Даведаўшыся, што яго шукаюць, мужчына спалохаўся і праз дыспетчара кантрольна-рэвізійнай службы КУП "Мінсктранс" стаў шукаць пацярпелага кантралёра, каб папрасіць прабачэння. Кантралёр адразу паведаміў пра гэта супрацоўнікам крымінальнага вышуку Першамайскага РУУС.

Мужчыну затрымалі на сустрэчы з кантралёрам і даставілі ў РУУС для дачы тлумачэнняў. Гэта 54-гадовы жыхар Мінска. Ён патлумачыў, што ў той вечар ехаў па асабістых справах, але не меў грошай , таму не стаў аплачваць праезд.

Калі яго вывелі на прыпынак, "заяц" не стаў чакаць прыбыцця міліцыі ды паспрабаваў уцячы. Калі кантралёр перагарадзіў яму шлях, мужчына ўзгадаў, што ў яго ў кішэні ляжыць пярцовы балончык. Ён пырснуў кантралёру ў твар і ўцёк у бок вуліцы Каліноўскага. Па словах мужчыны, балончык ён насіў пры сабе для самаабароны. 

Цяпер на яго пачалі крымінальную справу за гвалт альбо пагрозу ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак. За гэта парушальніку пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Таксама яго аштрафавалі за безбілетны праезд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі