Міліцыя падазрае ў нападзе на мінскіх таксістаў іншагародняга мужчыну
Мінскія праваахоўнікі падазраюць, што напады на таксоўцаў у Мінску рабіў іншагародні грамадзянін.
Начальнік упраўлення крымінальнага вышуку ГУУС Мінгарвыканкама Віктар Правіла распавёў, што аператыўнікі затрымалі 28-гадовага іншагародняга мужчыну. Іншыя падрабязнасці ён паведамляць адмовіўся — дзеля інтарэсаў следства.
"На мінулым тыдні падазраваны ўчыніў некалькі дзёрзкіх разбойных нападаў на кіроўцаў таксі. У нашым распараджэнні апынуліся прыкметы і сляды, па якіх аператыўнікі выйшлі на яго след і затрымалі", — перадае прэс-служба сталічнай міліцыі словы праваахоўніка.
Цяпер ідзе праверка, ці не меў мужчына дачынення да іншых злачынстваў.
Як паведамляла Еўрарадыё, два напады на мінскіх таксоўцаў адбыліся 7 і 9 лістапада. Зламыснік не выклікаў такоўку, а сядаў на вуліцы, "ад борта". Мужчына ехаў з Фрунзенскага раёна сталіцы ў Ленінскі. Прыехаўшы на месца, ён з задняга сядзення пачынаў біць таксоўца нажом, спрабуючы забраць грошы. Адзін з таксоўцаў аказаў нападніку супраціў.