Міліцыя не хоча прасіць прабачэння ў мінчука, у кватэру якога ўварваўся АМАП

Міліцыя не хоча прасіць прабачэння ў мінчука, у кватэру якога ўварваўся АМАП

У судзе Заводскага раёна Мінска працягваецца працэс па справе мінчука Дзмітрыя Серады супраць МУС, піша TUT.by. 

Мужчына хоча атрымаць кампенсацыю за падзеі трохгадовай даўніны. Тады да яго ў кватэру ўварваўся АМАП. На вачах у жонкі і маленькага дзіцяці сілавікі выбілі дзверы і вокны і жорстка затрымалі Сераду. Яго падазравалі ў эксгібіцыянізме: яго нібыта апазнала адна з пацярпелых. Аднак у той самы дзень стала зразумела, што ён не мае дачынення да злачынства: у дзень з'яўлення эксгібіцыянста Серада быў на рыбалцы за 80 км ад Мінска. Мужчыну выпусцілі, аднак ні прабачэнняў, ні кампенсацыі за пашкоджаную маёмасць ён так і не атрымаў.

10 верасня ў судзе выступаў начальнік крымінальнай міліцыі Заводскага РУУС Віталь Капілевіч. Па яго словах, оперупаўнаважаны не правяраў, дзе і як быў Серада ў дзень злачынства, бо дзейнічаў "стандартна для такіх сітуацый", а менавіта — прыйшоў на затрыманне з падтрымкай АМАПу.

"Гэта стандартная працэдура па затрыманні асоб па такім родзе злачынстваў, спалучаных з псіхічнымі разладамі", — патлумачыў Капілевіч. Па яго словах, аператыўнік не кансультаваўся ў псііятрычным дыспансеры наконт таго, ці стаіць Серада на ўліку: "Аператыўнік дзейнічаў, зыходзячы з досведу па раскрыцці падобных злачынстваў".

Цяпер крымінальная справа па факце эксгібіцыянізму прыпыненая, бо выявілі зламысніка. Аднак прызнаць, што затрыманне Серады было памылковым, Капілевіч адмаўляецца: "Ён не памылкова быў затрыманы. Ён быў падазраваным, на яго прама паказала пацярпелая. У нас мелася даручэнне следчага, мы мусілі яго затрымаць і даставіць у Следчы камітэт".

Капілевіч настойвае, што Серада хаваўся ад міліцыі, бо не адчыніў дзверы. "У нас былі неаднаразовыя выпадкі сілавога супраціву, знішчэння рэчыўных доказаў, спробы здзейсніць суіцыд, так што супрацоўнікі дзейнічалі ў адпаведнасці з сітуацыяй", — тлумачыць ён. Па словах Капілевіча, міліцыянты дзейнічалі ў адпаведнасці з законам: "Ніякіх выбачэнняў у гэтай частцы мы прынесці проста не можам".

Адвакатка Таццяна Падрэцкая звярнула ўвагу на вынікі службовай праверкі па "справе Серады": яна паказала, што міліцыянты закон парушылі. "Вы аспрэчваеце гэтыя высновы?" — запыталася адвакатка. 

"Аспрэчваць іх я не магу. Але высновы былі зробленыя заўчасна, не было вывучана заканадаўства", — заявіў Капілевіч.

Кіраваў затрыманнем Серады оперупаўнаважаны Аляксандр Нушчык. Яго таксама дапыталі ў судзе. Менавіта Нушчыка прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці, але потым спагнанне было датэрмінова знятае. Па выніках 2017 года Нушчык быў прызнаны найлепшым аператыўным супрацоўнікам і атрымаў павышэнне — цяпер ён старшы оперупаўнаважаны ў Заводскім РУУС.

На большасць пытанняў у судзе Нушчык адказвае "не памятаю", "цяжка адказаць". У сваім рапарце пра затрыманне ён пазначыў, што Серада можа аказаць супраціў. Але на падставе чаго ён прыйшоў да такой высновы, міліцыянт не патлумачыў.

Размова Нушчыка з адвакаткай нагадвала тэатр абсурду:

— Вы прызнаяце, што парушылі закон? 

— Я дзейнічаў у рамках закона. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў маюць права бесперашкодна ўваходзіць у жылое памяшканне ...

— У якім выпадку?

— Цяжка адказаць.

Суддзя нагадала Нушчыку артыкул 25 Закона "Аб органах унутраных спраў". Міліцыя сапраўды мае права бесперашкодна ўваходзіць у жыллё, але мусяць быць дастатковыя падставы меркаваць, што ў кватэры здзяйсняецца або здзейснена злачынства або там знаходзіцца падазраваны, які хаваецца ад праваахоўных органаў. 

Далей у тэатры абсурду удзельнічалі Нушчык і суддзя: 

— Серада хаваўся, ён не адчыніў нам дзверы.

— Вы разумееце розніцу паміж "не адчыніў дзверы" і "хаваўся"? Ці для вас гэта тоесныя паняцці?

— Цяжка адказаць.

— А як вы пераканаліся, што Серада знаходзіцца ў кватэры?

— Я затэлефанаваў на хатні нумар. Ён падняў трубку, я пачуў мужчынскі голас і паклаў слухаўку.

— А як вы па голасе вызначылі, што гэта Серада, а не сваяк, які прыехаў да яго ў госці, ці сябар?

— Цяжка адказаць.

Нушчык настойвае, што закон не парушаў: "Я не лічу, што трэба прасіць прабачэння, калі віна Серады не была даказаная. Я закон не парушаў".

Адвакатка згадала вынікі службовай праверкі, калі аператыўніка прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці. "Гэта маё асабістае, я не буду адказваць", — пракаментаваў Нушчык.

Дзмітрый Серада і яго сям'я хочуць атрымаць ад міліцыі прабачэнні і кампенсацыю ў 3000 рублёў — столькі грошай яны выдаткавалі на рамонт пасля пагрому, лячэнне і юрыдычную дапамогу. Таксама Серада трэці год дамагаецца, каб вінаватых прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Справу сем разоў пачыналі і спынялі. Цяпер Следчы камітэт зноў праводзіць праверку. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі