Мікалай Аўтуховіч — пра ўмовы ў гродзенскай турме: "Я ўжо плююся лёгкімі"

9 чэрвеня на судзе Мікалай Аўтуховіч расказаў пра жудасныя ўмовы, у якіх яго трымалі ў гродзенскай турме №1.

"Пасялілі ў камеру, якая называлася маразільнікам. Нас там было два чалавекі, а на кратах быў лёд. Там я пражыў сем месяцаў, і толькі дзякуючы ўмяшанню адваката мяне перавялі ў лепшыя ўмовы. Я ўжо плююся лёгкімі", — прыводзіць яго словы газета "СБ. Беларусь сегодня".

Як распавядала Еўрарадыё, Аўтуховіч не прызнаў сваёй віны і заявіў пра невінаватасць астатніх фігурантаў справы.

"Група Аўтуховіча", якая трапіла пад суд, — гэта 12 чалавек. Іх вінавацяць у  падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску, падрыве прыпаркаванай машыны сілавіка ў Гродне. Суд адбываецца ў турме, таму трапіць на яго могуць толькі прадстаўнікі дзяржаўных СМІ. Самога Аўтуховіча вінавацяць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.