Месяц без вады: у Оршы жыхарам дома ўключылі гарачую — і абрубілі халодную

Месяц без вады: у Оршы жыхарам дома ўключылі гарачую — і абрубілі халодную

Жыхары дома на вуліцы Чырвонагвардзейскай, 5 у Оршы месяц жылі без гарачай вады. Спачатку яе адключылі для прафілактыкі, але праз два тыдні яна так і не з’явілася. Людзі пачалі скардзіцца на камунальнікаў. Але, калі праз месяц “цёпленькую” ўсё ж далі, пачаліся праблемы з халоднай вадой.

“Вады не было, рабочыя казалі, што няма труб, — распавялі Еўрарадыё жыхары дома. — Капітальны рамонт дома ідзе цяпер. З 8 ліпеня да 27-га мы без вады былі… Толькі пасля таго як суседзі пачалі тэлефанаваць, на наступны дзень далі ваду.  Гарачая з’явілася, але цяпер у нас халоднай вады практычна няма. Невялічкі струменьчык ідзе… Неаднаразова звярталіся ў ЖЭУ, але ніхто нічога не правяраў, не прыходзіў. Трохлітровы рондаль хвілін 20 набіраецца”. 

Жыхары дадаюць, што нават тая вада, якая ёсць, — дрэннай якасці. Новая сантэхніка жаўцее на вачах, а ваду для піцця даводзіцца кіпяціць некалькі разоў.

У аршанскім ЖЭУ № 5, якое абслугоўвае дом на вуліцы Чырвонагвардзейскай, Еўрарадыё распавялі, што не адказваюць за якасць вады.

“Ідзе капітальны рамонт, мяняецца інжынернае абсталяванне, — адказала галоўны інжынер ЖЭУ Кацярына Навіцкая. — Цяпер вада павінна быць. Наконт напору… Кожную кватэру трэба глядзець індывідуальна. Няхай людзі звяртаюцца, пакідаюць заўякі па нумары 115. За якасць вады мы не адказваем. Накіп застаецца і ў іншых дамах, бо ў горадзе няма станцыі абезжалезвання. Жалеза крыху прывышае паказчык”.

Дарэчы, перавышэнне па жалезе ў вадзе можа шкодзіць здароўю чалавека. У першую чаргу жалезістая вада небяспечная для страўніка і кішэчніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі