Менцюку пагражае 5 гадоў з-за свайго сябра, які пацярпеў у той аварыі

Віноўніку аварыі на трасе Мінск-Мікашэвічы прад’яўлена афіцыйнае абвінавачванне. За парушэнні правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула цяжкія цялесныя пашкоджанні, яму пагражае да 5 гадоў турмы.
Цяжкія пашкоджанні атрымаў сябра Менцюка, які разам з ім ехаў у машыне. Каб гэтага не здарылася, віноўніка маглі б пасадзіць не больш, як на два гады.

Як стала вядома Еўрарадыё, сябра, які ў выніку аварыі атрымаў пнеўматоракс лёгкіх, не зможа выратаваць Менцюка і яго жонку. Гэтая справа публічнага абвінавачання і спыніць яе ніяк нельга.

Пра гэта паведаміў следчы мінскай абласной міліцыі Юрый Наваліхін.

“Паводле часткі другой артыкула 317, гэта справа публічнага абвінавачання. Яна распачынаецца без заявы і за прымірэннем бакоў не спыняецца”.

Тое ж самае тычыцца і жонкі Рамана Менцюка Вольгі, якой за перадачу машыны п’янаму таксама пагражае да 5 гадоў турмы (ч. 2 арт. 318 Крымінальнага кодэкса). Нагадаем, Вольга Мянцюк знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, а яе муж Раман у следчым ізалятары. Нядаўна расійская міліцыя перадала яго беларускім праваахоўнікам. Цяпер, паводле слоў Юрыя Наваліхіна, следства падыходзіць да завяршэння.

“Цяпер вядзецца праца па завяршэнні расследавання. Праводзяцца следчыя дзеянні”.

Дарэчы, Раман Менцюк адмовіўся ад паслуг адваката і актыўна супрацоўнічае з следчымі.

Нагадаем, Раман Мянцюк сёлета 2 сакавіка пратараніў “жывы шчыт” з цывільных аўтамабіляў, выстаўленых даішнікамі для яго спынення.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі