Вы тут

МАРГ не дазваляе "Еўрагандлю" манапалізаваць рынак рознічнага гандлю

Фота: БЕЛТА

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) выступае супраць манапалізацыі рынку рознічнага гандлю. Пра гэта кіраўнік ведамства Уладзімір Калтовіч заявіў сёння на пасяджэнні грамадска-кансультацыйнага (экспертнага) савета пры МАРГ, перадае БЕЛТА.

На пасяджэнні разглядалася прапанова ТАА "Еўрагандаль", каб змяніць закон аб гандлі ў частцы інфраструктурнага абмежавання развіцця гандлёвых сетак. На сёння закон абмяжоўвае развіццё гандлёвых сетак, калі яны дасягнулі долі 20% у аб'ёме рознічнага тавараабароту харчовых тавараў у тым ці іншым населеным пункце. "Еўрагандаль" прапанаваў павялічыць гэтую долю да 35% ці ўвогуле прыбраць такую норму з закона.

На думку Калтовіча, скасаванне такой нормы прывядзе да манапалізацыі. "У нас лічбы па долях гандлёвых сетак з'яўляюцца закрытымі, але магу сказаць, што адзіная сетка, якая наблізілася да парога ў 20%, — гэта "Еўрагандаль". Далей ідзе сетка "Карона", якая мае ў 8 разоў меншую долю. З гэтага можна зрабіць выснову, што наўрад ці сёння змяненне нормы будзе спрыяць павелічэнню доляў іншых сетак і павелічэнню канкурэнцыі на рынку", — мяркуе міністр.

Калтовіч падкрэсліў, што беларускія вытворцы скардзяцца на сеткавыя крамы. Ад вытворцаў патрабуюць значных зніжак па топ-пазіцыях, але пакупнікі потым не адчуваюць гэтыя зніжкі. Таксама ёсць скаргі на высокія гандлёвыя надбаўкі ў сеткавых крамах. На думку чыноўніка, гэта сведчыць пра ўзмацненне дыскрымінацыі пастаўшчыкоў".

Першы намеснік міністра Артур Карповіч звярнуў увагу, што на 37% тэрыторыі Беларусі не ўжываецца абмежаванне ў 20%. У гэты пералік трапілі больш за 15 тысяч сельскіх населеных пунктаў. Па яго словах, "Еўрагандаль" мае свае кропкі толькі ў 34 сельскіх населеных пунктах, і яму ёсць дзе развівацца ў сельскай мясцовасці. 

Дарэчы, згодна са звесткамі Гандлёвага рэестра на 30 траўня, з 626 харчовых крам сеткі "Еўраопт" толькі 96 (15,4%) размяшчаюцца на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў. 

Гендырэктар ТАА "Еўрагандаль" Андрэй Зубкоў патлумачыў сваю прапанову клопатам пра інтарэсы насельніцтва. "Можна гаварыць аб тым, што 20-адсоткавы бар'ер закранае сёння інтарэсы насельніцтва малых гарадоў да 50 тысяч насельніцтва і вёсак. Гэта 23 тысяч вёсак і 168 гарадоў. І яны сёння жывуць без сучаснага фармату гандлю. Пры гэтым кошты ў традыцыйных крамах у вёсках на 30% даражэй, чым у горадзе. То бок, людзі, якія зарабляюць менш, вымушаныя купляць прадукты даражэй", — падкрэсліў ён.

Выканаўчы дырэктар некамерцыйнага аб'яднання "Асацыяцыя рознічных сетак" Наталля Шаблінская паведаміла, што чальцы асацыяцыі большасцю галасоў выказаліся супраць павелічэння парога ў 20%. У асацыяцыю цяпер уваходзяць 15 буйных гандлёвых сетак, з іх 12 — прадуктовыя. За павелічэнне парога выказаліся дзве гандлёвыя сеткі ("Еўрагандаль" і "Дабраном"), адна гандлёвая сетка прапанавала, каб рашэнне прыняло МАРГ, яшчэ дзевяць прагаласавалі супраць.

Такой жа думкі пратрымліваецца сустаршыня саюза юрыдычных асоб "Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва" Віктар Маргелаў

Большасцю галасоў на пасяджэнні было вырашана пакінуць у законе аб гандлі інфраструктурнае абмежаванне ў 20%.