Вы тут

“Мала вас пі****ць!" Як затрымлівалі работнікаў "Гродна Азот", якія бастуюць

Работнікі "Гродна Азот" каля прахадной 26 кастрычніка 2020 года / "Радыё Свабода"

Супрацоўнікі "Гродна Азот" 26 кастрычніка аднымі з першых паспрабавалі далучыцца да агульнанацыянальнай забастоўкі, абвешчанай Святланай Ціханоўскай. Частку работнікаў прадпрыемства-гіганта хутка забралі сілавікі.

Як гэта было, Еўрарадыё расказаў супрацоўнік "Гродна Азоту" Дзмітрый.
 

Пыталіся, колькі зарабляю

Калі Дзмітрый падыходзіў да прадпрыемства, каля прахадной ужо знаходзіліся супрацоўнікі АМАПа і аўтазакі. Каля ўвахода ў будынак да яго падбеглі сілавікі — схапілі і павялі ў аўтобус.

— Па дарозе да аўтобуса яны задавалі дзіўныя пытанні: "Колькі табе гадоў, старэнькі?", "Колькі зарабляеш?"

Затрыманых з "бусіка" Дзмітрыя адвялі ў актавую залу ўчастка, пасля чаго супрацоўніца РАУС пачала збіраць іх асабістыя звесткі. Потым па адным адводзілі ў кабінеты для складання пратаколаў.

— У кабінеце знаходзіліся я, малады супрацоўнік і двое з АМАПа. Малады супрацоўнік прыступіў да афармлення пратакола, у той час як двое з АМАПа, яны былі без масак, пачалі задаваць пытанні: "Здароў, стары, як маешся? Ну што, давай пагутарым? Гэта не допыт, але я люблю пагаварыць, так бы мовіць, выслухаць вашу ідэю... Дык за што ты змагаешся?" — успамінае "дыялог" супрацоўнік прадпрыемства.

Дзмітрый адмовіўся размаўляць з сілавікамі, але кажа, што яны працягвалі аказваць на яго ціск.

— Першы амапавец быў больш актыўны ў псіхалагічным ціску, нецэнзурна выказваўся ў мой адрас, рэзка ўставаў і ішоў на мяне, часам рэзкімі рухамі рукі на ўзроўні маёй галавы стукаў у сцяну, — расказвае Дзмітрый.

Супрацоўнік міліцыі ўвесь гэты час маўчаў і запаўняў дакументы. У нейкі момант амапаўцы сталі зачытваць навіны тэлеграм-канала "Нехта" і нецэнзурна выказвацца.

— Быў момант, калі першы амапавец дастаў з шафы сцяг бел-чырвона-белы. Сказаў: "Глядзі, якая ў мяне ёсць анучка добрая", пачаў дэманстратыўна нашароўваць сцягам свае берцы.

Сілавікі паказвалі Дзмітрыю відэа затрыманняў на пратэстах у іншых краінах. Дарэчы, гэтая тэма актыўна мусіруецца ў дзяржСМІ: маўляў, у Беларусі ўсё праходзіць "мякка", а на "гнілым Захадзе" ўсё куды больш строга.

Каментуючы відэа, яны казалі: "Ну вось, глядзі, як вас пі****ць трэба! Мала вас п*****ць!"

Пайшлі амапаўцы пасля таго, як па рацыі абвясцілі пра збор "другой групы".

"Памарынавалі" і адпусцілі

Пасля адыходу амапаўцаў пратакол быў гатовы і Дзмітрыя пачалі вадзіць па іншых кабінетах. Там расказвалі пра магчымыя наступствы удзелу ў акцыях і забастоўках.

— Пасля гэтага мяне адвялі на першы паверх і, запісаўшы імя, прозвішча і імя па бацьку, адпусцілі, — расказаў ён.

Калі супрацоўнік "Гродна Азота" дайшоў да запраўкі, ён паглядзеў на час — у міліцыі Дзмітрый правёў амаль шэсць гадзін.

На працу вярнуўся не адразу: спачатку зайшоў у цэнтр мабільнага аператара, каб аднавіць сім-карту: папярэднюю забралі ў міліцыі і адмовіліся аддаваць. Потым вярнуўся на завод, але да працы так і не прыступіў.

— Я застаўся з іншымі работнікамі за прахадной, на тэрыторыі завода. Да 17:00. Але на сваё непасрэднае рабочае месца я не пайшоў. Дзесьці да 16:00 да нас прыйшоў прадстаўнік пракуратуры Гродзенскай вобласці і сказаў: паколькі нас шмат, ён хоча пагаварыць з трыма супрацоўнікамі.

Размова з пракурорам у калег Дзмітрыя не задалася: на ўсе пытанні ён адказваў "гэта не ў маёй кампетэнцыі".

Яшчэ ў міліцыі Дзмітрыя папярэдзілі, што яго чакае суд. Дата пакуль не прызначаная, да пасяджэння ён застаецца на свабодзе. На пытанне пра тое, ці будзе ён далей баставаць, супрацоўнік "Гродна Азота" адказаў: "Планую не змяняць сваім звычкам "курыць перад прахадной".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.