Магілёвец арганізаваў бізнэс на жабраках-ілжэінвалідах

Магілёвец арганізаваў бізнэс на жабраках-ілжэінвалідах

Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы на 24-гадовага хлопца. Яго абвінавачваюць у гандлі людзьмі, выкарыстанні рабскай працы і вымагальніцтве.

Паводле матэрыялаў следства, са студзеня 2017 года да красавіка 2018-га магілёвец шукаў у Мінску, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях людзей, якія трапілі ў цяжкае матэрыяльнае становішча. Ён прапаноўваў ім працу ў будаўнічай сферы.

Насамрэч тых, хто пагаджаўся, ён перавозіў у розныя гарады і гвалтам прымушаў іх займацца жабраваннем пад выглядам інвалідаў. Сваім "рабам" ён даваў інвалідныя вазкі, плакаты з заклікамі аб дапамозе і ставіў іх каля розных гандлёвых аб'ектаў і ў іншых грамадскіх месцах. Грошы, якія збіралі ілжэінваліды, хлопец забіраў сабе. Яго прыбытак ад працы васьмі пацярпелых ацэньваецца больш як на 47 тысяч рублёў.

Адна з пацярпелых вырашыла сысці ад магілёўца. Тады ён неаднаразова, пад пагрозай гвалту, патрабаваў ад яе і яе хлопца заплаціць яму 1000 долараў за свабоду жанчыны.

Падчас ператрусу па месцы жыхарства абвінавачанага праваахоўнікі знайшлі інвалідныя вазкі, плакаты з заклікамі аб дапамозе, слоік з манетамі ды іншыя прадметы.

Мужчына знаходзіцца пад вартай. Крымінальная справа на яго перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі