Магілёўскія ўлады не знайшлі сродкаў на ачыстку Грабянёўскага возера

Калектыўны зварот з просьбай прадухіліць экалагічную катастрофу не дапамог у вырашэнні праблемы. З адказаў чыноўнікаў вынікае, што сродкаў у іх хапіла толькі на заключэнне эколагаў аб стане гарадскога возера. Грошай на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі ў горада няма, як і няма магчымасці сваімі сіламі вырашыць экалагічную праблему нумар адзін.

Раней у СМІ прайшла інфармацыя, што дапамагчы з ачысткай возера збіраліся нямецкія спецыялісты. У праект яны планавалі ўкласці велізарныя сродкі, а ў якасці кампенсацыі выдаткаў планавалі забраць багаты арганікай глей са дна возера. Аднак праект так і застаўся нерэалізаваным.

З таго часу сітуацыя з возерам істотна пагоршылася: рыба знікла і яно пачало зарастаць цвіллю і багавіннем. Летась купальны сезон так і не распачаўся. Не атрымаецца там пакупацца і сёлета. 

З высноў эколагаў з мінскага навукова-даследчага інстытута вынікае, што да забруджвання возера прывяла папуляцыя чаек, колькасць якіх істотна павялічылася на востраве ў цэнтры вадаёма. Мясцовыя ж актывісты лічаць, што віной усяму з’яўляецца катэджны пасёлак, які знаходзіцца каля возера і не мае цэнтральнай каналізацыі.

Намеснік старшыні Свабоднага прафсаюза Беларускага Юрый Новікаў, які займаецца вывучэннем праблемы, лічыць, што ўладзе прасцей спісаць сродкі на добраўпарадкаванне возера, чым заняцца яго рэальнай ачысткай. Распавядае Юрый Новікаў:

Трэба прарыць канаву і пракласці трубу. Паставіць дамбу, знізіць узровень возера на два метры. Пры зніжэнні вады на такі ўзровень востраў стане сухім. Туды пакласці некалькі пантонаў, каб па іх мог туды пад’ехаць экскаватар, машыны і выкапалі б гэты востраў. Гэта дазволіць таксама вычысціць сухое дно. Мясцовыя вадалазы кажуць, што глыбіня возера месцамі дасягае 10 метраў, аднак па тых месцах дно можна працягнуць траламі і выграбсці глей. Ваду з возера можна зліваць перыядычна і такім чынам яго асвяжаць. Але не ведаю, што плануе рабіць мясцовая ўлада”. 

Тым часам з адказаў чыноўнікаў вынікае, што ў гэтым годзе на добраўпарадкаванне і падсыпку пляжа, рамонт кабінак для пераапранання і лежакоў плануецца выдаткаваць 570 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, за апошні перыяд з возера вывезена 80 машын смецця.

Кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў называе такія працы бессэнсоўнымі:

Каля смярдзючага возера арганізоўваць лежакі — гэта тое ж самае, што ўзяць іх і пакласці ў цэнтры горада. Гэта ўсё бессэнсоўна і сумна”.

Абаронцы возера рыхтуюць зварот у Камітэт дзяржаўнага кантролю. Яны ўсё яшчэ спадзяюцца, што сітуацыя будзе вырашаная на карысць жыхароў горада.